На Беларусі ад некалькі тыдняў ідзе беспрэцэндэнтная атака на ўсё беларускае. Кожны дзень даходзяць да нас звесткі аб чарговых ператрусах, арыштах або прысудах па сфабрыкаваных справах. Шмат рэдакцыяў незалежных СМІ і пазаўрадавых арганізацыяў ужо ліквідаваныя. Іншыя стаяць перад такой самай перспектывай.

Мы, ніжэй падпісаныя, выказваем рашучы пратэст супраць рэпрэсій і ліквідацыі такіх заслужаных арганізацый, як Праваабарончы цэнтр «Вясна», ПЭН-Цэнтр, Таварыства беларускай мовы, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісменнікаў.

Усе незалежныя пазаўрадавыя арганізацыі, якія ў сваіх статутных мэтах маюць развіццё культуры, беларускай мовы, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў маюць права на існаванне. Цяжка пераацаніць заслугі вышэй названых арганізацый, тым не менш нас, беларусаў у Польшчы, непасрэдна закранае перш за ўсё ліквідацыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Гэтае згуртаванне здаўна дзейнічае на карысць беларусаў па-за межамі Беларусі, арганізуе З’езды беларусаў свету, у якіх заўсёды ўдзельнічала шматлікая дэлегацыя з Польшчы. Па ініцыятыве ЗБС «Бацькаўшчына» у Рэспубліцы Беларусь быў прыняты закон «Аб суайчынніках за мяжою». Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» заўсёды цікавілася справамі польскіх беларусаў і падтрымлівала нас па меры магчымасцяў. У гэты цяжкі момант прагнем выказаць нашую ўдзячнасць, салідарнасць і веру, што ЗБС «Бацькаўшчына» адродзіцца і надалей будзе працаваць на карысць беларусаў ва ўсім свеце.

Заяву падпісалі:

Алег Латышонак, Беларускае Гістарычнае Таварыства;

Яраслаў Іванюк, Фонд Kamunikat.org;

Яўген Вапа, Беларускі Саюз у Польшчы;

Марына Ляшчэўская, Фонд Беларусь 2020;

Павал Станкевіч, Фонд Тутака;

Уршуля Іванюк, Аб’яднанне АБ-БА;

Тамаш Суліма, Аб’яднанне Беларускіх Журналістаў;

Марцін Рэмбач, Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь. https://www.racyja.com/palityka/zayava-belaruskikh-arganizatsyj-belast/

Крыніца: “Беспрэцэндэнтная атака на ўсё беларускае”: заява беларускіх арганізацый Беласточчыны