Мінск, 10 жніўня 2020 года. Фота: Дзмітрый Брушко. TUT.BY Праваабарончы цэнтр «Вясна» вядзе маніторынг пратэстных крымінальных справаў, распачатых у сувязі з рэалізацыяй грамадзянамі сваіх асноўных правоў і свабод падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі летась, а таксама пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Сёлетні жнівень унёс яшчэ глыбейшы раскол ва ўзаемаадносіны паміж дзяржавай і грамадствам, да голасу якога беларускія ўлады дэманстратыўна адмовіліся прыслухоўвацца. 9 жніўня падчас вялікай размовы з журналістамі А. Лукашэнка ў грэблівай форме адказваў на пытанні журналістаў замежных СМІ пра ахвяраў катаванняў у ізалятары на Акрэсціна ў жніўні мінулага года. Падчас гэтай прэс-канферэнцыі старшыня СК Дзмітрый Гара заявіў пра колькасць зваротаў па фактах зверстваў і жорсткасці сілавікоў у жніўні 2020 года: каля 5 тысяч.

26 жніўня Следчы камітэт выпусціў прэс-рэліз, дзе выступіў з заявай пра тое, што вынікі праверкі па факце жорсткіх і беспакараных катаванняў з боку праваахоўных органаў падчас масавых затрыманняў удзельнікаў мірных акцый пратэсту зводзяцца да адсутнасці падставаў для завядзення крымінальных справаў па факце падзей, якія праваабарончая супольнасць расцаніла як злачынствы супраць бяспекі чалавецтва.

30 ліпеня Следчы камітэт заявіў пра распачынанне 4691 крымінальнай справы са жніўня 2020 года па падзеях, звязаных з акцыямі пратэсту. Такім чынам, беларускія ўлады замест расследавання амаль пяці тысяч крымінальных справаў пра катаванні па падзеях жніўня мінулага года, распачалі і расследуюць каля пяці тысяч справаў па фактах пратэсту супраць нелегітымнай улады, які выяўляецца ў самай рознай форме. Дэманстратыўны характар дзеянняў уладаў стварае сітуацыю, у якой, прыводзячы ў «парадак» унутрыпалітычную сітуацыю, ствараюцца перадумовы для скрайніх формаў праявы незадаволенасці ўладай праз адсутнасць эфектыўных механізмаў абароны правоў чалавека. Крымінальны пераслед застаецца найчасцей выкарыстанай прыладай у руках уладаў для пакарання асобаў, якія адкрыта выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю і нязгоду з уладай, якая ўжывае жорсткае абыходжанне супраць сваіх грамадзян.

Колькасць палітычных зняволеных працягвае павялічвацца: у жніўні палітвязнямі былі прызнаны 49 чалавек. Па стане на 1 верасня колькасць палітвязняў, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, у папраўчых установах адкрытага тыпу, якія змяшчаюцца ў СІЗА і пад хатнім арыштам, складае 653 чалавекі. З іх 511 чалавек ужо асуджаны на розныя тэрміны пакарання, у адносінах да 30 чалавек ідзе судовы разгляд, яшчэ 112 палітвязняў чакаюць суду.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома пра не менш як 136 асуджаных па «пратэстных» крымінальных справах у апошнім летнім месяцы. З іх 22,06% складаюць жанчыны, 77,94% – мужчыны.

Варта адзначыць, што 36,76% грамадзян былі асуджаны ў жніўні па дыфамацыйных артыкулах (арт. 188, 367, 368, 369, 370, 391), на выключэнні якіх з Крымінальнага кодэкса доўгі час настойвае праваабарончая супольнасць.

ПЦ «Вясна» вядома як мінімум пра адну грамадзянку, абвешчаную ў вышук.

Геаграфія прысудаў па «пратэстных» крымінальных справах у жніўні выглядае наступным чынам:

  • Мінск – 25 чалавек;
  • Брэсцкая вобласць – 58 чалавек;
  • Гродзенская вобласць – 10 чалавек;
  • Мінская вобласць – 10 чалавек;
  • Магілёўская вобласць – 11 чалавек;
  • Гомельская вобласць – 17 чалавек;
  • Віцебская вобласць – 5 чалавек;

Віды і памеры пакарання па «пратэстных» крымінальных справах

Сумарна за жнівень па палітычна матываваных крымінальных справах, вядомым ПЦ «Вясна», суды вынеслі:

  • 120 гадоў і 1 месяц зняволення для 43 чалавек;
  • 85 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») для 39 чалавек;
  • 93 гады абмежавання вол без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») для 47 чалавек;
  • 3 месяцы арышту для 1 чалавека;
  • 3 гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі для 1 непоўнагадовага;
  • 120 гадзінаў грамадскіх работ для 1 чалавека;
  • 480 базавых велічынь штрафу для 4 чалавек;
  • 2300 базавых велічынь штрафу як дадатковае пакаранне для 2 чалавек.

Пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, па «пратэстных» крымінальных справах беларускія суды ўжывалі ў жніўні ў 31,61% выпадкаў, а з пазбаўленнем волі з накіраваннем у папраўчую калонію склала 0,74%. Абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, якую ў народзе называюць «хіміяй», суды ўжывалі ў 28,68% выпадкаў. Абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу суды каралі грамадзян у 34,55% выпадкаў. Арышт быў прызначаны ў 0,74% выпадкаў. Штраф як асноўны від пакарання выкарыстоўваўся ў 2,94% выпадкаў. Грамадскія працы ў якасці пакарання былі прызначаны ў 0,74% выпадкаў.

Такім чынам, пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі», арышту ўжывалася ў 96,32% выпадкаў.

Галоснасць па пратэстных крымінальных справах

Беларускія ўлады працягваюць хаваць ад грамадскасці ход разгляду справаў, якія звязаныя з рэалізацыяй грамадзянамі сваіх асноўных правоў і свабод. Такія дзеянні ўладаў толькі падрываюць давер да вынікаў судовых разглядаў.

У закрытым пасяджэнні праходзіць справа ў адносінах да Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова і Уладзіміра Цыгановіча. Зварот да старшыні Гомельскага абласнога суда не дадаў яснасці ў пытанне пра тое, якімі меркаваннямі кіравалася судовая сістэма пры закрыцці працэсу ад грамадскасці.

Справа Сяргея Ціханоўскага: якія высновы можна зрабіць да пачатку разгляду ў судзе

У закрытым судовым пасяджэнні ў Мінскім абласным судзе разглядаецца крымінальная справа ў адносінах да Максіма Знака і Марыі Калеснікавай, якія абвінавачваюцца ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы.

У закрытым пасяджэнні ў судзе Першамайскага раёна Віцебска пачала разглядацца справа ў адносінах да жыхара Віцебска Сяргея Думавы, які абвінавачваецца ў арганізацыі і фінансаванні масавых беспарадкаў і апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці. Пасяджэнне зрабілі закрытым пасля рапарта супрацоўніка ГУБАЗіКа, у якім выкладзеная прычына ў выглядзе публікацыі фотаздымку абвінавачванага, зробленага без яго згоды. На першае пасяджэнне ў залу дапусцілі толькі сваякоў па прад'яўленні пашпарта.

Віцебскі абласны суд у закрытым рэжыме разглядае справу Яўгена Харашкевіча, які абвінавачваецца ў распальванні варожасці, абразе прадстаўніка ўлады, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля разглядае ў закрытым рэжыме крымінальную справу ў адносінах да Дзмітрыя Заломскага, які абвінавачваецца ў абразе прэзідэнта, абразе прадстаўніка ўлады і пагрозе ў адносінах да суддзі.

У закрытым пасяджэнні ў Асіповічах суд разгледзеў справу ў адносінах да Арцёма Шалегіна, які абвінавачваецца ў публічнай абразе семярых супрацоўнікаў Асіповіцкага РАУС.

Судовы разгляд справы пра публічную абразу прадстаўніка ўлады ў Маладзечне ў адносінах да Ірыны Стэфановіч адбываўся ў адкрытым рэжыме, але на самым пачатку працэсу абвінавачваная заявіла хадайніцтва аб тым, каб назіральнік ПЦ «Вясна» пакінуў залу судовага пасяджэння. Суддзя Дубовік В. А. паведаміла, што працэс адкрыты, але пры гэтым папрасіла назіральніка выйсці з залы пасяджэння.

«Катавальнае» правасуддзе

Фігуранты «пратэстных» крымінальных справаў працягваюць заяўляць пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, катаванні, ціск і прымус да дачы сведчанняў на этапе папярэдняга расследавання. Суды не рэагуюць на такія заявы, а выносяць абвінаваўчыя прысуды, засноўваючыся на паказаннях, атрыманых гвалтоўным шляхам з парушэннем вызначанага парадку.

Пра бесчалавечнае абыходжанне падчас затрымання заявіў Уладзімір Жук, якога збілі былыя калегі па працы — супрацоўнікі жлобінскага РУУС. Яго ўдарылі ў вобласць галавы, пасля чаго Уладзіміру давялося звярнуцца ў лякарню, дзе яму на адкрытую рану наклалі некалькі швоў.

Падчас дачы сведчанняў пра факты жорсткага збівання заявіў палітзняволены Андрэй Кандрасюк

«Гэтыя людзі пачалі выдзіраць жанчын і ўдарылі мяне дубінкай. Далей людзі з натоўпу (з людзей у чорнай экіпіроўцы) накінуліся на мяне і павалілі на зямлю. Я не памятаю, што адбывалася далей. Памятаю толькі кроў на маім адзенні і як мяне цягнулі ў бок РАУС на Савецкай. Далей мяне зацягнулі ў грузавік, паклалі жыватом на зямлю. Пачалі даваць розныя каманды, калі я іх не выконваў ці марудзіў, мяне білі. Пасля гэтага мяне вывелі з гэтага грузавіка і даставілі ў РАУС, дзе мне аказалі першую медыцынскую дапамогу, выклікалі хуткую дапамогу, дзе мне зашылі галаву (патыліца, рассяканне патыліцы). І пратрымалі на стацыянары 5 сутак, пакуль мне не зрабілася трошкі лягчэй».

Варта адзначыць, што Андрэй Кандрасюк звяртаўся ў Следчы камітэт дзеля правядзення праверкі па факце збівання супрацоўнікамі міліцыі, на што атрымаў адказ пра тое, што датычныя да збіванняў і здзекаў не знойдзеныя.

У Мінску пасля працяглага судовага разгляду быў вынесены прысуд палітвязню Сцяпану Латыпаву, які не раз заяўляў пра жорсткае і бесчалавечае абыходжанне, пра збіванні і катаванні з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. У апошнім слове Латыпаў расказаў пра новыя факты збівання пасля затрымання і ціску на яго:

«Зацягнулі рукі за спіной, надзелі на галаву смеццевы пакет і павезлі. Потым яны мяне збівалі. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе кагалам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за спінай, "ластаўкай", збівалі кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібыта выбухала граната. Білі дубінкай па ягадзіцах, білі так, каб сіняка не заставалася. Але абапірацца я не мог яшчэ тры тыдні. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся. Казалі: "Вучым алфавіт". Ніводнага сіняка на мне не было, нават пластыкавыя сцяжкі не пакінулі слядоў, толькі слых жаху».

Адзначым, што суд не спрабаваў правесці праверку па фактах заяваў палітвязня і ніяк на іх не адрэагаваў.

Прэзумпцыя невінаватасці

Дзяржаўныя СМІ называюць фігурантаў «пратэстных» крымінальных справаў вінаватымі яшчэ да вынясення прысуду, а службовыя асобы даюць заўчасную ацэнку дзеянням абвінавачваных і адназначную выснову пра вінаватасць да паступлення справы ў суд. Разам з тым, падобныя дзеянні не сумяшчальныя з прэзумпцыяй невінаватасці, паколькі да набывання прысудам моцы прэзумпцыя невінаватасці не падлягае ніякім абмежаванням.

4 жніўня на тэлеканале СТБ выйшаў фільм «Як нагняталася сітуацыя ў Беларусі перад выбарамі? Фільм першы. Змова». Спачатку закадравы голас кажа: «Ціханоўскі сабраў вакол сябе падыходзячых людзей: забойцы, злодзеі, фальшываманетчыкі, тыя, хто нутром ненавідзіць дзяржаву». Затым асобу палітвязня каментуе намміністра МУС, камандуючы ўнутранымі войскамі, Мікалай Карпянкоў: «Ціханоўскі гэта быдла, гэта рэальны бандыт, гэта вось па нашых паняццях рэальная скаціна, бандыты шмат у чым высакародней за яго самога….  Абсалютная скаціна, бандытаў такіх няма».

13 жніўня ў інтэрв'ю тэлеканалу RT намміністра МУС, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, каментуючы абвінавачванне Сяргея Ціханоўскага назваў фігуранта палітычна матываванай крымінальнай справы «ашалелым быком, бандытам, … рэальнай скацінай, быдлам».

17 жніўня ў дзяржаўных СМІ з'явілася інфармацыя пра завядзенне крымінальнай справы ў адносінах да Бажэны Жолудзь. У тэксце паведамлялася пра датычнасць дзяўчыны да заклікаў да масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады, якія дзяржаўныя журналісты расцанілі як супрацьпраўныя дзеянні. Такая фармулёўка супярэчыць стандартам прэзумпцыі невінаватасці, бо дзеянням Бажэны Жолудзь дадзена заўчасная ацэнка яшчэ да папярэдняга расследавання.

25 жніўня Гродзенскі аблсуд вынес прысуд жыхару Смаргоні палітвязню Аляксандру Нагелу за распальванне варожасці. 5 чэрвеня афіцыйная прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне гэтага грамадзяніна, суправадзіўшы дзеянні, у якіх ён абвінавачваецца, заўчаснай ацэнкай: «са снежня мінулага года ў экстрэмісцкім тэлеграм-канале мужчына абражаў і заклікаў да фізічнай расправы над супрацоўнікамі праваахоўных органаў».

Крыніца: За жнівень па «пратэстных» крымінальных справах асуджана не менш за 136 чалавек