Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 28-29 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Вызвалілі лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, прэс-сакратара «Маладога фронту» Віталя Трыгубава і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця

Віталь Трыгубаў. Фота spring96.org
Віталь Трыгубаў. Фота spring96.org

«Вясне» стала вядома пра вызваленне Дзяніса Урбановіча, Віталя Трыгубава і Сяргея Мацкойця. Нагадаем, іх затрымалі ў Нароўлі 26 жніўня. Паведамлялася, што Урбановіча падазравалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мазыры ў жніўні 2020 года.

Вядома, што актывістаў правялі і пасадзілі на маршрутку да Мінску. Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця адпусцілі раней.

Паводле ўдакладненай інфармацыі, 29 жніўня былі вызваленыя Дзяніс Урбановіч і Віталь Трыгубаў. Сяргея Мацкойця вызвалілі раней — яго пасля затрымання павезлі ў Мінск, дзе, папярэдне, учора вызвалілі.

Сястру палітзняволенага актывіста Максіма Вінярскага Алену Церашкову аштрафавалі, яе мужа — арыштавалі на 15 сутак

У Мінску 28 жніўня затрымалі доктарку Алену Церашкову і яе мужа, камп’ютаршчыка Андрэя Церашкова. Пасля затрымання іх адвезлі ў Фрунзенскі РУУС і судзілі праз скайп. Алена Церашкова за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве атрымала 100 базавых (2900 рублёў). Андрэя арыштавалі на 15 сутак, піша «Радыё Свабода».

Пакуль Церашковых трымалі ў міліцыі і судзілі, у іх дома заставаліся чацвёра дзяцей. Алена — сястра актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, які ў траўні быў асуджаны да 5 гадоў калоніі.

Палітзняволеных БелаПАНаўцаў перавялі на "Валадарку"

levshina_navazhilau_90.jpeg
Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў

Палітзняволеных дырэктарку і галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску.

Жонка Наважылава паведаміла, што 28 жніўня ў “Валадарцы” ў яе прынялі перадачу для мужа. Дачка Леўшынай мяркуе, што яе маці таксама знаходзіцца на Валадарскага, бо скончыліся 10 дзён, пасля чаго Наважылаву і Леўшынай павінны былі абраць меру стрымання або вызваліць.

Леўшына і Наважылаў былі затрыманыя 18 жніўня. Абвінавачанне абодвум павінны выставіць на працягу 20 сутак. Таксама 18 жніўня была затрыманая бухгалтарка БелаПАН Кацярына Боева. Раніцай 28 жніўня яе выпусцілі на волю пад абавязальніцтва пра яўку.

У Мазыры затрымалі маці дваіх непаўналетніх дзяцей за «сліў дадзеных» міліцыянтаў

У Мазыры супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 35-гадовую маці дваіх непаўналетніх дзяцей Ірыну Гарашыну. Яе паклікалі ў міліцыю, каб аддаць тэлефон, але ў выніку затрымалі. Супраць яе распачалі крымінальную справу па факце незаконных дзеянняў у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных.

"Устаноўлена, што ў верасні мінулага года ў адным з Telegram-каналаў, прызнаным пасля экстрэмісцкім, яна публікавала персанальныя звесткі супрацоўнікаў міліцыі, размяшчала заклікі да пратэстнай дзейнасці", — гаворыцца ў прэс-паведамленні МУС.

Сілавікі прыйшлі на сход польскіх настаўнікаў у Гродне

Раніцай 28 жніўня гродзенская міліцыя ўвайшла ў офіс Саюза палякаў Беларусі, дзе з нагоды надыходзячага навучальнага года прайшла арганізацыйная нарада выкладчыкаў з цэнтраў выкладання польскай мовы, якія дзейнічаюць пры Саюзе, паведамляе Znadniemna.pl.

Актывістка Саюза палякаў у Беларусі Данута Карповіч паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі, якія прысутнічалі на выкладчыцкай нарадзе, сказалі, што атрымалі ананімнае паведамленне аб "незаконным сходзе", які праходзіць у сядзібе СПБ.

Міліцыянты, якія прыйшлі на сход, запісалі дадзеныя ўсіх асоб у памяшканні штаба СПБ і пакінулі месца збору настаўнікаў.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Што адбывалася ў Беларусі на выходных: хроніка палітычнага пераследу