Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 16-17 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
17 жніўня
Шахцёр Алег Кудзёлка, які ў верасні 2020 года адмовіўся паднімацца на паверхню, сёння быў затрыманы ў ДАІ, куды прыехаў для абмена пасведчання кіроўцы.
Па папярэдняй інфармацыі, затрыманне звязана з адміністрацыйнай справай. Родныя Алега спрабуюць атрымаць інфармацыю, але міліцыянты не называюць канкрэтную прычыну затрымання, піша "Новы час".
Паведамляецца пра затрыманне гомельскага актывіста і валанцёра Іллі Міронава каля гомельскага СІЗА. Іллю раней затрымлівалі ў ліпені, але потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Тое затрыманне праходзіла ў межах крымінальнай справы аб тэрарызме (арт. 289 КК РБ).
Ліквідацыя арганізацый
Улады ліквідуюць аб'яднанне раварыстаў «ВелоГродно». Пра гэта сама арганізацыя паведаміла ў Facebook: «Лета 2021 — апошняе для "ВелоГродно". Па выніках праверкі Упраўленне Юстыцыі гарадзенскага аблвыканкаму падало ў суд пазоў аб ліквідацыі "ВелоГродно". Афіцыйна — парушэнні і памылкі ў дакументаабароце на тры старонкі і некалькі іншых пунктаў. Першая сустрэча ў судзе адбудзецца ў канцы месяца».
Таксама ўлады ліквідуюць Саюз беларускіх пісьменнікаў. Міністэрства юстыцыі даслала пазоў у Вярхоўны суд.
Ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Поўны спіс НДА, якія сутыкнуліся з ціскам беларускіх уладаў
16 жніўня
У Шчучыне быў затрыманы вядомы гарадзенскі блогер Вадзім Ермашук.
Днём Вадзім наведаў суд па крымінальнай справе над трыма гарадзенкамі, а пасля паехаў у Шчучын здымаць гумарыстычны ролік для свайго Instagram. Там ён быў затрыманы.