Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 13 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінск
Сёння затрымалі праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку. Паводле інфармацыі арганізацыі, яна цяпер знаходзіцца на допыце ў ДФР. Верагодна, яе забралі з хаты. Прычыны допыту і іншыя абставіны пакуль невядомыя.
Раніцай у Бараўлянах прайшлі масавыя затрыманні. Відавочца распавядае, што бачыла бус ў двары, куды сілакі запіхвалі людзей.
Паведамляецца пра затрыманне Ірыны Малей (31.12.1974). Яе затрымалі на вуліцы, калі яна выгульвала сабаку. Ірыну адвезлі ў РАУС, потым прывезлі дадому на ператрус, падчас якога забралі тэхніку. Ірыну зноў забралі.
Суд Цэнтральнага раёна 13 жніўня разгледзеў пазоў МУС Беларусі і прызнаў інфармацыйную прадукцыю партала TUT.BY і яго сацсетак, а таксама Zerkalo.io, экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Праз 10 сутак пасля брутальнага затрымання 12 жніўня не выйшлі на волю музыкі з гурта Irdorath і іх сябры дудар Зміцер Шыманскі. Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая), Антон Шніп і Павел Шмыга застаюцца за кратамі да суда. Месца ўтрымання пакуль невядомае.
Іх абвінавачваюць паводле артыкула 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за выступленне падчас масавых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 года.
Бабруйск
Праваабаронцам стала вядома, што палітзняволенага гальшанца Івана Вярбіцага, якога асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму, у бабруйскай калоніі №2 змяцілі ў памяшканне камернага тыпу да 5 кастрычніка.
Баранвічы
Уладальніка крамы тавараў з нацыянальнай сімволікай "Росквіт" Юрыя Казакевіча 12 жніўня шэсць гадзін дапытвалі ў КДБ. Юрый Казакевіч быў выкліканы ў чацвер у інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Баранавічы. Пасля таго як актывіст з'явіўся туды, некалькі чалавек, адзін з якіх паказаў нейкае пасведчанне, павезлі яго ў невядомым накірунку, паведамілі БелаПАН відавочцы.
Усё адбылося ў раёне абеду, каля інспекцыі засталася стаяць машына актывіста, сувязь з ім адсутнічала.
"Мяне дапытвалі шэсць гадзін у КДБ. Я праходжу сьведкам па крымінальнай справе і знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні", — паведаміў БелаПАН Казакевіч, які быў вызвалены ўвечары.
У Юрыя Казакевіча канфіскаваны мабільны тэлефон.
Жлобін
У Жлобіне пачалі пераслед актывісткі Любові Шведавай (Дзятлавай). Сёння ўвечары яе выклікаюць у СК. Ужо, як мінімум, 12 чалавек-сведак па яе справе апытвалі. Любоў распавядала, што раней следчы пасля допыту вывеў яе ў калідор, уткнуў ёй у бок пісталет і сказаў, што такіх, як яна, ён бы адстрэльваў.
Брэст
Двое асуджаных з 5-й партыі па "карагоднай" справе паспрабавалі ўцячы ва Украіну, паведамляе госТВ. Іх жорстка затрымалі, далі штраф па 4 тысячы рублёў і адправілі на "хімію", пішуць брэсцкія праваабаронцы.
АНТ распаўсюдзіла відэаролік, дзе фігуруюць жыхары брэстчыны Андрэй Аніскевіч і Ілля Палхоўскі. Гэтых хлопцаў асудзілі па так званай "карагоднай" справе да паўтары і двух гадоў абмежавання волі адпаведна.
На відэа можна заўважыць, што ўжо ляжалым на зямлі хлопцам не менш двух разоў наносяць удары рукамі. Далей, трымаючы іх на зямлі, і завёўшы рукі далёка за спіной, іх дапытваюць на камеру: "[навошта незаконна перасякаў мяжу?] — Хацеў пазбегнуць пакарання. — Карагоды вадзілі? — Стаяў побач, так", — адказаў Аніскевіч.
У роліку прадстаўнік памежнай службы Леанід Шкілевіч паведамляе, што затрыманых ужо аштрафавалі кожнага на 140 базавых велічынь (4 060 рублёў) "за спробу наўмыснага незаконнага перасячэння дзяржмяжы і за парушэнне памежнага рэжыму".
Прадстаўнік іншай дзяржструктуры, аддзела наглядна-исоплнительной дзейнасці УУС Брэстаблвыканкама, паведаміў таксама, што Аніскевіча і Палхоўскага этапуюць да месца адбыцця пакарання "ў парадку для асуджаных да пазбаўлення волі".
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.
Крыніца: Затрыманая праваабаронца Наста Лойка. Хроніка пераследу 13 жніўня Дапоўнена