Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за дзявятае жніўня. У гадавіну паслявыбарчых пратэстаў людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю. Таксама на выходных перад дзявятым жніўня людзей затрымлівалі прэвентыўна і праводзілі "прафілактычныя гутаркі" аб недапушчальнасці ўдзелу ў пратэстах. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Дзявятае жніўня
Мінск
У Мінску ў раёне плошчы Перамогі быў затрамына Міхаіл Кляпец. Пасля затрымання яго павезлі дамой на вобшук. Падрабязнасці высвятляюцца.
Бабруйск
А ў Бабруйску з раніцы праходзяць ператрусы ў людзей, якія праходзілі па адміністрацыйных па 23.34 (цяперашні 24.23 КаАП). Вымаюць тэхніку, шукаюць сцягі і іншую прадукцыю. Вядома як мінімум пра 10 ператрусаў. Сярод тых, да каго прыйшлі — Юлія Загрышава, Дзмітрый Косцін, Яўген Мамойка, Ганн Аксюціна.
Вілейка
У Вілейцы затрыманы актывіст Андрэй Кудзік.
Інтэрнэт-выданне Zerkalo.io, якое зрабіла частка былой каманды TUT.ВY, хочуць прызнаць экстрэмісцкім.
«На інтэрнэт-рэсурсе Zerkalo.io журналістамі каманды TUT.ВY працягваецца інфармацыйны ціск, накіраваны на размяшчэнне інфармацыі з ухілам на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады», — гаворыцца ў абгрунтаванні МУС, паведамляе @tutby_official.
Ціск і затрыманні актывістаў напярэдадні дзявятага жніўня
Магілёў
У нядзелю восьмага жніўня у Ленінскім РАУС Магілёва за адзін раз знаходзілася каля 20 чалавек. Усіх выклікалі позвамі пад рознымі добрапрыстойнымі падставамі, піша MayDay.
У асноўным, увагу надалі тым людзям, якіх прыцягвалі ў 2020-2021 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Але былі ў агульным натоўпе і іншыя - якія размяшчалі ў сваіх сацсетках і мэсэнджарах рэпосты з медыя, якія ўлады Рэспублікі Беларусь прызналі экстрэмісцкімі. Міліцыянты глядзелі смартфоны магілёўцаў і абураліся, калі знаходзілі там падпіскі на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы.
Берасцейшчына
Затрыманні на выходных 7-8 жніўня прайшлі ў Бярозе, Белаазёрску, Жабінцы, Пінску. Так, у Жабінцы на 72 гадзіны быў затрыманы сын забітага Генадзя Шутава Дзмітрыя Шутава. Прычына невядомая. Агулам у Жабінцы сёмага жніўня затрымалі 15 чалавек, дваіх пазней адпусцілі.
У Пінску сёмага жніўня затрымані сына праваабаронцы Веранікі Івановай Кірыла Іванова. Затрыманне праводзіў участковы Яўген Атока. Кірыла абвінавацілі ў тым, што ён нібыта пісаў пагрозы ў «экстрэмісцкіх чатах». Раней яго затрымлівалі ў жніўні 2020. Тады ён атрымаў 10 сутак арышту.
Бярозаўскія міліцыянты наведвалі кватэры тых, хто быў заўважаны на леташніх паслявыбарчых акцыях пратэсту і праводзілі прафілактычныя гутаркі, пагражалі, а таксама бралі падпіскі пра няўдзел у акцыях супраціву рэжыму. 7 жніўня ўварваліся ў кватэры бярозаўскіх і белаазёрскіх актывістаў, затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС. Забралі і тых, хто не меў ніякага дачынення да акцый, піша "Радыё Рацыя".
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу дзявятага жніўня — у гадавіну паслявыбарчых пратэстаў