З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года ў краіне заведзена больш за 4690 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту і людзей, нязгодных з палітыкай уладаў. Такую лічбу 30 ліпеня 2021 года агучыў Следчы камітэт. Згодна з дадзенымі "Вясны", самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх былі ўзбуджаны крымінальныя справы з пачатку прэзідэнцкай кампаніі (з траўня 2020 года), гэта:
- 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі)
- 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Частку спраў, узбуджаных па арт. 293 КК, перад судом перакваліфікуюць на арт. 342 КК.
- 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак).
- 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
- 243 КК РБ (Ухіленне ад сплаты падаткаў) - па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманы актывісты штаба Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
- 339 КК РБ (Хуліганства).
Таксама сотні крымінальных спраў узбуджаны па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэксу: за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі, абразу і паклёп на прэзідэнта, за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 188, 369, 368, 370 КК РБ і інш.)
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае звесткі пра людзей, чый крымінальны пераслед звязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе. Па стане на 9 жніўня 2021 года сабрана больш за 1450 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 608 чалавекгэтага спісу на дадзены момант з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Спіс будзе абнаўляцца і дапаўняцца.
Таксама "Вясна" вядзе ўлік вынікаў разгляду палітычна матываваных крымінальных спраў. Па стане на пачатак жніўня, вядома ўжо больш за 800 вынікаў такіх судоў.
Спіс асуджаных па палітычных крымінальных справах
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, якое можа мець палітычную афарбоўку, тэрмінова паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію: @ViasnaSos і @SosViasna.
Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі 2020. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны"
Крыніца: Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі 2020. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны" Дапоўнена