Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. Па дадзеных ПЦ "Вясна", на працягу месяца судамі былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да прынамсі 107 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах. Маніторынг судовых працэсаў, які праводзіцца валанцёрамі і юрыстамі ПЦ "Вясна", засведчыў шматлікія парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбяральніцтва і працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных;
  • у месцах несвабоды знаходзяцца 604 палітвязняў; іх колькасць працягвае павялічвацца;
  • 14 ліпеня затрыманыя і змешчаныя пад варту яшчэ трое сябраў ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч. Акрамя іх у СІЗА знаходзяцца кардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры «Вясны» Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк. Яшчэ некалькі сябраў арганізацыі ў ліпені былі затрыманыя на розныя тэрміны. Палітыкі і праваабаронцы, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі з рэзкай крытыкай атакі уладаў на арганізацыі грамадзянскай супольнасці і ў прыватнасці на ПЦ "Вясна" і яго супрацоўнікаў;
  • у ізалятарах і калоніях працягваюць утрымлівацца не менш як 26 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ;
  • на працягу ліпеня ўладамі ў адміністрацыйным парадку былі ліквідаваныя больш за 50 некамерцыйных арганізацый, а ў дачыненні да шэрагу грамадскіх арганізацый распачаты працэс пазбаўлення рэгістрацыі ў судах;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жытле і тэрыторыях. Усяго за ліпень па дадзеных ПЦ "Вясна" судамі накладзена не менш як 27 штрафаў на агульную суму 1 809 базавых велічынь (каля 52,5 тысяч беларускіх рублёў) і не менш як 58 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю ў 932 сутак. Маюцца звесткі аб затрыманні не менш як 327 чалавек;
  • працягваецца крымінальны пераслед журналістаў;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП і ІЧУ бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;
  • Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека заклікала асоб, групы і арганізацыі прадставіць інфармацыю і дакументацыю, якія тычацца ўсіх меркаваных парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключаючы магчымыя гендарныя аспекты такіх парушэнняў;
  • на працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала значна пагаршацца.

Крымінальны пераслед па палітычных матывах працягвае заставацца найбольш жорсткай формай рэпрэсій, захоўваючы масавы і паўсюдны характар.

Генеральны пракурор заявіў, што ў Беларусі распачата больш за 4 200 крымінальных справаў, звязаных з экстрэмізмам і тэрарызмам. Паводле яго слоў, у суды ўжо накіравана 803 крымінальных справы ў дачыненні да 1 116 чалавек; разгледжана 704 крымінальныя справы ў дачыненні да 955 асобаў.

У той жа час, Следчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэнне са жніўня 2020 года 4 691 крымінальнай справы па 4 196 фактах «праяў, спалучаных з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэстнымі акцыямі, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асоб і членаў іх сем'яў». У ліку зарэгістраваных найбольшую ўдзельную вагу складаюць злачынствы, прадугледжаныя арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) і арт. 369. Завершана расследаванне па 857 крымiнальных справах; з іх пракурору для накіравання ў суд перададзеная 825 крымінальных спраў аб 1 184 злачынствах.

ПЦ "Вясна" вядома пра не менш чым 107 асуджаных у межах палітычна матываваных крымінальных судовых працэсаў, якія прайшлі ў краіне на працягу месяца.

Колькасць палітвязняў па стане на 1 жніўня склала 604 чалавекі. Гэтая лічба працягвае расці.

У ліпені ў Гомелі на тэрыторыі следчага ізалятара ў закрытым пасяджэнні працягнуўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні вядомага палітыка Мікалая Статкевіча, блогера і кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Сяргея Ціханоўскага, сябраў каманды яго блога «Краіна для жыцця» Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова, блогераў Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча. Аб'ём абвінавачванняў у кожнага розны і ўключае арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, арганізацыю масавых беспарадкаў, распальванне сацыяльнай варожасці і перашкоды працы ЦВК.

6 ліпеня Вярхоўны суд прысудзіў Віктару Бабарыку – аднаму з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта на выбарах 2020 года – 14 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Разам з ім да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі суд прысудзіў былых супрацоўнікаў «Белгазпрамбанка» Сяргея Шабана, Дзмітрыя Кузьміча, Кірыла Бадзея, Аляксандра Ільясюка і Сяргея Дабралёта. Ім прызначана па пяць з паловай гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Заснавальнік прадпрыемства “Актыўлізінг” Віктар Кабяк прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі. Прысуд з'яўляецца канчатковым і перагляду ў апеляцыйным парадку не падлягае. В. Бабарыка ужо накіраваны ў ПК-1 г. Наваполацка і прыступіў да адбыцця пакарання.

У судзе Ленінскага раёна Брэста 12 ліпеня быў вынесены прысуд па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) супраць дванаццаці чалавек. Гэта чацвёртая група берасцейцаў, якіх судзілі па справе аб масавых беспарадках, узбуджанай пасля пратэстаў, якія прайшлі ў Брэсце 9 і 10 жніўня мінулага года. Пакаранне – ад трох гадоў (для дваіх непаўналетніх) да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Вынесены прысуд па «справе студэнтаў»: адзінаццаці фігурантам – па два з паловай гады калоніі, аднаму – два гады. Студэнтак і студэнтаў сталічных ВНУ Ксенію Сырамалот, Ягора Канецкага, Іллю Трахтэнберга, Таццяну Якельчык, Касю Будзько, Яну Арабейка, Вікторыю Гранкоўскую, Насту Булыбенка, Марыю Каленік і Глеба Фіцнера, выпускніцу БДМУ Алану Гебрэмарыям і выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву абвінавачвалі па ч. 2 арт. 17 («злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове») і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Абарона абгрунтоўвала невінаватасць маладых людзей.

14 ліпеня пасля ператрусаў у кватэрах затрыманыя і 16 ліпеня змешчаныя пад варту яшчэ трое сябраў ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч, а таксама яго жонка, выканаўчая дырэктарка аб'яднання інвестараў Ніна Лабковіч (вызвалена праз 10 дзён). Яшчэ некалькі сябраў арганізацыі – Алена Лапцёнак, Сяргей Сыс, Алег Мацкевіч, Андрэй Палуда, Аляксандр Капуцкі і Яўгена Бабаева былі затрыманыя на розны тэрмін. Крымінальныя справы ўзбуджаныя па ч. 2 арт. 243 ч. 1 і 2 арт. 342 КК.

Ператрусы прайшлі ў той жа дзень таксама ў «Руху «За Свабоду»», у офісе «Імёнаў», БАЖа, БХК, «Бацькаўшчыны», ЦПТ «Lawtrend», Партыі БНФ, Фондзе ім. Льва Сапегі і шэрагу іншых арганізацый. Некаторых кіраўнікоў гэтых НКА затрымлівалі і везлі на допыт. На трое сутак быў затрыманы Сяргей Мацкевіч – кіраўнік Цэнтра “Супольнасць”.

Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль выступіў з заявай па Беларусі ў сувязі з распачатай новай шырокамаштабнай атакай на незалежныя галасы ў краіне. На яго думку, новая хваля рэпрэсій з'яўляецца яшчэ адным доказам сістэматычнай і добра спланаванай кампаніі, канчатковая мэта якой – прымусіць замаўчаць ўсіх нязгодных і задушыць грамадзянскую дзейнасць у Беларусі. ЕС заклікаў улады Беларусі прытрымлівацца міжнародных абавязацельстваў краіны па выкананні правоў чалавека і фундаментальных свабодаў.

У падтрымку праваабаронцаў і іншых НДА выступілі міжнародныя няўрадавыя арганізацыі і палітычныя структуры. 161 праваабарончая арганізацыя з усяго свету запатрабавала спыніць рэпрэсіі супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых праваабаронцаў у Беларусі.

Працягваецца расследаванне крымінальных спраў у дачыненні да праваабаронцаў.

У СІЗА знаходзяцца каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марыя (Марфа) Рабкова, сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры «Вясны» Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

Паступаюць звесткі пра тое, што стан здароўя палітзняволенай Марфы Рабковай пагоршыўся: яна двойчы губляла прытомнасць, цяжка пераносіць зняволенне. Тым не менш яна працягвае ўтрымлівацца з 17 верасня мінулага года пад вартай па адвольным абвінавачванні.

31 ліпеня змененая мера стрымання на даручальніцтва кіраўніку Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргею Драздоўскаму і юрысту арганізацыі Алегу Граблеўскаму.

Парушэнні свабоды мірных сходаў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць адпрацоўку розных раёнаў Мінска, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэстнай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

Усяго за ліпень па дадзеных ПЦ "Вясна" судамі накладзена не менш як 27 штрафаў на агульную суму 1 809 базавых велічынь (каля 52,5 тысяч беларускіх рублёў) і не менш як 58 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю ў 932 сутак. Маюцца звесткі аб затрыманні не менш як 327 чалавек.

Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Паводле звестак праваабаронцаў, самым распаўсюджаным крымінальным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца пераслед па дыфамацыйныя складах: абраза прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў і міліцыянтаў (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодня па ўсёй Беларусі праходзяць суды па гэтых артыкулах.

29 чэрвеня выпускніца юрыдычнага факультэта БДУ Кацярына Віннікава на ўрачыстым сходзе ў універсітэце сказала ў сваім выпускным выступе: "Я жадаю кожнаму з нас любіць, абараняць і адстойваць права з гонарам і годнасцю сапраўднага юрыста, незалежна ад тых цяжкасцяў, якія ёсць і будуць. Ведаць закон, верыць у закон. Калі ласка, памятайце, што права – гэта мастацтва дабрыні і справядлівасці. А дабрыня, розум і чалавечая годнасць разам заўсёды перамагаюць". Яна таксама падзякавала былым выкладчыкам і выпускнікам, якія "паказалі сваім прыкладам, што такое права і хто такі юрыст", сярод іншых – звольненым за свае погляды выкладчыцам Алене Басалай і Алене Лаеўскай, а таксама арыштаванаму адвакату Максіму Знаку. Ужо на наступны дзень, 30 чэрвеня яе выклікалі ў Ленінскі РАУС Мінска, дапытвалі на працягу сямі гадзін і затрымалі да наступнай раніцы. Ёй не дазволілі сустрэцца з адвакатам. 2 ліпеня Віннікавай за «правядзенне несанкцыянаванага мітынгу» (арт. 24.23 КаАП) было прызначана пакаранне ў выглядзе 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

У Мінскім раённым судзе 6 ліпеня вынесены прысуд па крымінальнай справе Наталлі Красько. Яе абвінавачвалі ў паклёпе на Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа (арт. 188 КК РБ): у публічны чат пад постам пра ўзмацненне адказнасці за экстрэмізм 1 лютага абвінавачаная напісала, што генеральны пракурор – злачынец. Маральную шкоду пацярпелы Андрэй Швед ацаніў у 10 000 рублёў. За гонар свайго кіраўніка цвёрда і бескампрамісна заступіўся і пракурор, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне і прапанаваў прызначыць пакаранне ў выглядзе 2,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Суд быў прыхільны да абвінавачвання і прызначыў Н. Красько 2 гады абмежавання волі з накіраваннем ў ПУАТ і спагнаў на карысць пацярпелага 9 тысяч рублёў.

Гэтыя і іншыя выпадкі сведчаць аб працягу практыкі рэпрэсій за выказванні, у тым ліку ў сацыяльных сетках, за іншыя формы выказвання меркаванняў.

Ціск на журналістаў і СМІ

У месцах пазбаўлення волі на канец ліпеня 2021, па дадзеных БАЖ, знаходзіліся 26 прадстаўнікоў СМІ.

Журналістаў рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць і падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійных абавязкаў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай, у якой запатрабавала ад беларускіх уладаў спыніць знішчэнне незалежных медыя і свабоды слова ў Беларусі.

8 ліпеня сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў рэдакцыі незалежных СМІ, затрыманыя журналісты, сайт «Нашай Нівы» заблакаваны, таксама блакаваліся сайты Еўрарадыё.

FIDH і "Вясна" асудзілі бесперапынныя атакі, якія пагражаюць знішчыць апошнія свабодныя СМІ ў Беларусі і тое, што засталося ад свабоды слова і аб'яднанняў.

16 ліпеня ператрусы прайшлі ў журналістаў «Белсата», «Радыё Свабода», іншых СМІ і ў грамадскіх арганізацыях. Некалькі чалавек затрыманыя.

З 8 ліпеня ў ІЧУ, а пасля – у СІЗА ўтрымліваюцца прадстаўнікі незалежнага выдання “Наша Ніва” – галоўны рэдактар ​​Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела маркетынгу Андрэй Скурко. На некалькі сутак адвольна затрымліваліся Андрэй Дынько, Вольга Раковіч з «Нашай нівы», журналісты «Свабоды» Алег Груздзіловіч, Інэса Стужынская і Алесь Дашчынскі, а таксама Ігар Ільяш і Ганна Галёта з “Белсата”.

Парушэнні свабоды асацыяцыяў

З пачатку года ў Беларусі праведзены дзясяткі ператрусаў у офісах НКА і ў кватэрах актывістаў. У ліпені ўлады зрабілі крокі па ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, вядома, што ў працэсе ліквідацыі знаходзяцца найстарэйшыя беларускія арганізацыі – Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў. На гэты час вядома аб ліквідацыі дзясяткаў некамерцыйных арганізацый. Пераважная большасць арганізацый ліквідуецца без прад'яўлення якіх-небудзь прэтэнзій з боку кантралюючых органаў, без папярэдняга паведамлення і ў адсутнасць магчымасці аспрэчыць рашэнне аб ліквідацыі. У сувязі з гэтым праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай, у якой запатрабавалі спыніць кампанію па знішчэнні арганізацый грамадзянскай супольнасці, па запалохванню і пераследу актывістаў, па татальным падаўленні свабоды выказвання меркаванняў і заклікалі міжнародныя арганізацыі публічна выказаць сваю ацэнку дзеянням уладаў, выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы для аказання ўплыву на змяненне сітуацыі, а таксама працягваць аказваць падтрымку арганізацыям грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

1 ліпеня ў судовым пасяджэнні ў Мінскім гарадскім судзе па абвінавачванні Мікалая Дзядка былі абвешчаныя дакументы, якія сведчаць пра ўжыванне ў дачыненні да яго катаванняў: заключэнне эксперта, пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў частцы тлумачэнняў Дзядка, пасля чаго ён даў падрабязныя паказанні пра перанесеныя катаванні. Суд не адрэагаваў на гэтую інфармацыю належным чынам.

Аб катаваннях, псіхалагічным ціску і пагрозах таксама заявілі фігуранты крымінальнай справы ў дачыненні да П. Нядбайлы, Р. Стэфановіча, А. Касакоўскага і іншых у судзе Ленінскага раёна Мінска: Дзмітрый Ластоўскі заявіў пра пагрозы жыццю і здароўю, Яўген Прапольскі – аб катаваннях электрашокерам, Расціслаў Стэфановіч, Павел Нядбайла і Аляксандр Рэзнік – аб збіцці пры затрыманні. Хадайніцтва абаронцаў трох апошніх абвінавачаных аб далучэнні матэрыялаў праверкі па заяве аб катаваннях да матэрыялаў разгляданага справы суд адхіліў. Праваабаронцы выступілі з заявай, дзе запатрабавалі правесці расследаванне катаванняў.

Гэтыя і іншыя факты, падрабязна пералічаныя ў аглядзе па выніках назірання за разглядам крымінальных спраў у судах, не былі расследаваныя, а вінаватыя ў катаваннях засталіся беспакаранымі.

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. У жорсткіх умовах трымаюць зняволеных па крымінальных справах.

Затрыманага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі з СІЗА КДБ у турэмны шпіталь – у яго праблемы з сэрцам і ацёкі. Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка ў Шклове па крымінальнай справе "аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".

Гарантыі справядлівага суда

Працягваецца пераслед адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў. Спынена дзеянне адвакацкай ліцэнзіі адваката Антона Гашынскага – абаронцы Андрэя Аляксандрава і Ягора Дуднікава, і Дзмітрыя Лаеўскага – адваката Віктара Бабарыкі і Максіма Знака, а таксама адвакаткі Кацярыны Жалтаногі. Пазбаўленне ліцэнзій гэтых і іншых адвакатаў – прыклады недапушчальнага адвольнага ўмяшання ў дзейнасць адвакатуры, якія сталі магчымымі ў сувязі з найшырокімі паўнамоцтвамі Міністэрства юстыцыі па заканадаўстве, якое рэгулюе дзейнасць адвакатаў і адвакацкіх аб'яднанняў.

Пазбаўленне ліцэнзій і выключэнне з адвакатуры найбольш актыўных, добрасумленных і прынцыповых адвакатаў дае чарговы недвухсэнсоўны сігнал тым, хто застаецца ў адвакатуры, пра магчымыя наступствы вольнага ажыццяўлення адвакацкай прафесіі.

Між тым, Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэнне па звароце адваката Алега Агеева, які быў пазбаўлены ліцэнзіі ў 2011 годзе. Камітэт прыйшоў да высновы, што «пазбаўленне аўтара [звароту] ліцэнзіі адваката і тое, як гэта было зроблена, сведчаць аб сур'ёзным і неапраўданым умяшанні ўладаў дзяржавы-ўдзельніцы ў асноватворны прынцып незалежнасці адвакатуры».

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2021