Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне 21 і 22 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Хроніка палітычнага пераследу 21 ліпеня

Ператрус прайшоў 21 ліпеня ў старшыні рэвізійнай камісіі Свабоднага прафсаюзу ААТ Полацак-Шкловалакно Віктара Стукава ў Полацку. Сілавікі забралі мабільны тэлефон. Віктара не затрымлівалі.

Падчас "зачысткі КДБ" 14 ліпеня быў затрыманы 27-гадовы жыхар Ждановічаў Яўген Рабаў. Ён былы афіцэр унутраных войскаў, звольніўся сам у верасні 2020. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Адваката не пускаюць. Бацькі з Барысава, цяпер мне паведамілі пра гэта. Сын  бацькі хвалююцца за яго лёс. 

У Мінску жанчына з'яўлялася падазраванай па крымінальнай справе за пасылку сяброўцы "эсктрэмісцкай кнігі"

Пару месяцаў таму Ірына Пацына адправіла сяброўцы кнігу ў Канаду, а яна апынулася ў спісе экстрэмісцкіх. У чэрвені ёй патэлефанавалі з міліцыі і запрашалі да іх прыйсці. Яе падазравалі за кнігу па крымінальнай справе, але па якім артыкуле невядома.

У панядзелак, 12 ліпеня, зноў  патэлефанавалі і сказалі: "Вы да нас? Ці нам заехаць за вамі?" Яе затрымалі 12 ліпеня, але ўначы адпусцілі. Сказала: "Адпусцілі да раніцы"

21 ліпеня на мяжы Расіі і Украіны затрымалі беларуску Ганну Вольскую, таму што ў Беларусі яна была ў вышуку па арт. 369 Крымінальнага кодэса (абраза прадстаўніка ўлады). 

Раніцай "Белсат" паведамляў пра ператрусы ў жыхароў па адрасе Дзяржынскага, 119 а 7 раніцы.

Справа "Нашай Нівы": за кратамі застаюцца Марціновіч і Скурко

Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко і Андрэй Дынько
Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко і Андрэй Дынько

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» застаецца за кратамі. Следчыя вырашылі змясціць яго ў СІЗА, піша само выданне.

У 19 гадзін стала вядома, што Следчы камітэт абраў меру ўтрымання ў выглядзе варты для галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча. Таксама пад вартай будзе кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко.

21 ліпеня скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрымання нашаніўцаў. На свабоду выйшаў галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, пад абавязальніцтва аб яўцы. Марціновіч і Скурко застаюцца ў ізалятары на Акрэсціна, у бліжэйшы час іх павінны перавесці ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Яны праходзяць падазраванымі па ч.2 арт. 216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры прадпрыемству «Мінэнэрга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.

Палітзняволеныя нашаніўцы знаходзяцца на Акрэсціна ў невыносных умовах, з 8 ліпеня яны не маюць зменнага адзення і бялізны, мінімальных сродкаў гігіены, ім не выдаюць матрацы і пасельную бялізну, — усё гэта ў невыноснай спёцы. У Скурко — дыябет, адвакат кажа, што за апошнія дні ён моцна схуднеў. Марціновіч пры затрыманні быў збіты, у СК яму выклікалі хуткую дапамогу, у яго траўма галавы.

Перадачы ад сваякоў прынялі, але вязням не аддалі. Кіраўніцтву Міністэрства ўнутраных справаў пра гэта вядома, сваякі звярнуліся з заявай на прамую лінію ячшэ 17 ліпеня.

Журналістка Свабоды Іна Студзінская трымае галадоўку чацверты дзень, да яе не можа патрапіць адвакат

Фота

Яна галадае ў ізалятары на Акрэсціна з панядзелка ў знак пратэсту. На праблемы са здароўем Іна не скардзіцца, а трымаецца бадзёра.

Пра гэта сваякам распавяла жанчына, якая сядзела з Інай у адной камеры. Яна таксама распавяла, што факты гвалту супраць зняволеных у камеры, дзе знаходзіцца Студзінская, ёй невядомыя, але бытавыя ўмовы кепскія.

Справа Аляксея Кудзіна

Аляксей Кудзін. Фота: Матч ТВ
Аляксей Кудзін. Фота: Матч ТВ

Апеляцыйны суд у Маскве пакінуў ў сіле рашэнне аб выдачы беларускага спартоўца Аляксея Кудзіна. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў камітэце «Гражданское содействие», які юрыдычна дапамагаў спартоўцу, у тым ліку прадставіў адваката.

21 ліпеня Еўрапейскі суд у правах чалавеказабараніў экстрадыцыю беларускага атлета, спаслаўшыся на пераканаўчыя довады ягонай абароны. Расія мусіць выконваць рашэнні ЕСПЧ як сябра Савету Еўропы.

Мінюст хоча ліквідаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ)

Пазоў міністэрства ўжо ў Вярхоўным судзе. Нагода для ліквідацыі — "паўторныя парушэнні заканадаўства", паведамляе @euroradio.

Палітзняволены журналіст Ігар Ільяш застаецца за кратамі

Ігар Ільяш. Фота
Ігар Ільяш. Фота "Еўрарадыё"

Суд адмовіўся адпусціць журналіста Ігара Ільяша. Скаргу на яго затрыманне 21 ліпеня разглядаў суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч. Пра гэта "Еўрарадыё" паведаміў брат журналіста. Ільяш затрыманы ў Мінску 16 ліпеня. У чым яго падазраюць, невядома.

Крымінальная справа праваабаронцы Леаніда Судаленкі перададзеная ў суд 

Стала вядома, што крымінальная справа палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі перададзеная ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. У хуткім часе стане вядомая дата пачатку судовых пасяджэнняў.

Нагадаем, старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна» Леанід Судаленка быў затрыманы раніцай 18 студзеня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 21 і 22 ліпеня Дапоўнена