13 ліпеня на 47 сесіі Савета па правах чалавека адбыўся разляд і галасаванне па рэзалюцыі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Рэзалюцыя прадугледжвае падаўжэнне мандату спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі на адзін год і заклікае ўлады ўзаемадзейнічаць з ім і вярнуцца да дыялогу, а таксама даць яму магчымасць наведваць Беларусь і камунікаваць з зацікаўленымі асобамі ва ўрадзе і з ліку грамадзянскай супольнасці.
Члены Савета выказалі глыбокую заклапочанасць парушэннямі правоў чалавека і бесперапыннымі паведамленнямі аб катаваннях і жорсткім абыходжанні з затрыманымі. Яны ў чарговы раз заклікалі беларускі ўрад да захавання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў у сферы абароны правоў чалавека і запатрабавалі неадкладнага вызвалення ўсіх рэпрэсаваных, а таксама непрадузятага расследавання паведамленняў аб парушэннях правоў чалавека і катаванняў.
СПЧ таксама настойвае на тым, каб у Беларусі было перагледжана заканадаўства аб выбарах, якое цяпер ідзе насуперак з міжнароднымі дэмакратычнымі патрабаваннямі, а таксама каб быў створаны дзяржаўны орган нагляду за выкананнем правоў чалавека.
Прадстаўніца ад Славеніі ад імя Еўрапейскага саюза выклала сутнасць рэзалюцыі і працытавала Марціна Лютэра Кінга:
"Несправядлівасць дзе-небудзь - гэта пагроза справядлівасці паўсюль".
Афіцыйны прадстаўнік у ААН Юры Амбражэвіч раскрытыкаваў рэзалюцыю і дзеянні Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі, заклікаў не ўмешвацца ў справы Беларусі і галасаваць супраць. Яго сваімі выступамі падтрымалі прадстаўнікі ад Расійскай Федэрацыі, Венесуэлы, Кітая, Кубы ды Эрэтрыі.
Па прапанове Расійскай Федэрацыі было праведзенае галасаванне, згодна з якім рэзалюцыя была прынятая:
- 21 краіна-ўдзельніца выступіла “за”,
- 7 – “супраць”
- 19 – “устрымаліся”.
Такім чынам мандат Спецдакладчыка па Беларусі быў падоўжаны яшчэ на адзін год.
“Міжнародная супольнасць павінна працаваць калектыўна, каб заставіць улады паважаць правы чалавека". У СПЧ адбыўся інтэрактыўны дыялог па сітуацыі ў Беларусі
Крыніца: Мандат Спецдакладчыка Беларусі быў працягнуты яшчэ на адзін год з падтрымкай у 21 голас