Як паведаміў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” Андрэй Бяляўскі, 15 снежня яму было адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы за захоўванне патрона як не ўяўляючай грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначнай.
Следчы матываў адмову былому фігуранту справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў тым, што захоўванне патрона носіць вялікую грамадскую небяспеку, бо нібыта яго можна выкарыстаць у любы момант. Цяпер справу супраць Андрэя Бяляўскага накіруюць ў пракуратуру, каб потым перадаць у суд.
Праваабронцы “Вясны”, як і раней, заклікаюць Следчы камітэт быць паслядоўнымі і праявіць прававую логіку. Па словах Валянціна Стэфановіча, яны будуць пільна адсочваць гэтую крымінальную справу і ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.
Нагадаем, мастак-дызайнер з Мінска Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" і арт. 287 Крымінальнага кодэкса - “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК.
12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 “Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў” за захоўванне патрона.
Магчымае пакаранне па гэтым артыкуле – папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Адзіны патрон, які няведама колькі гадоў пыліўся ў шафе ў якасці сувеніра, можа стаць прычынай доўгатэрміновага зняволення для Андрэя Бяляўскага.
Крыніца: СК: Захоўванне патрона носіць вялікую грамадскую небяспеку