Даніла Ганчароў у судзе. Фота Белсат У судзе Цэнтральнага раёну 8 ліпеня пачаўся суд па справе палітвязня Данілы Ганчарова, якога вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) падчас нядзельных маршаў у жніўні і верасні 2020 года.

Міліцыянты прыйшлі ў кватэру Данілы з вобшукам 15 сакавіка і затрымалі за “адзіночнае пікетаванне”, адшукаўшы ў мужчыны сцяг. Суд вынес рашэнне пакараць Ганчарова арыштам на 15 сутак. 30 сакавіка ён мусіў выйсці на волю, але 26 сакавіка Ганчарова прывезлі з ІЧУ Жодзіна ў Мінск на допыт, пасля чаго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Карсюк. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляе Цімафей Нічыпарук.

Паводле абвінавачвання, Даніла Ганчароў прыняў удзел з іншымі неўстаноўленнымі асобамі ў шэрагу несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, не падпарадкоўвася законным патравабанням супрацоўнікаў міліцыі, чым груба парушыў грамадскі парадак, выходзіў у групе грамадзянаў на праездную частку дарогі, што пацягнула спыненне працы грамадскага транспарта і прадпрыемстваў.

Так, днём 16 жніўня палітвязень знаходзіўся на перакрыжаванні вул. Даўмана і пр. Машэрава ў Мінску, адтуль з іншымі пратэстоўцамі прайшоў калонай да праспекта Незалежнасці, плошчы Свабоды і праспекта Пераможцаў з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэста, выходзіў на праездную частку, чым блакаваў рух транспарту, і адмаўляўся яе пакінуць, а таксама “выкрыкваў лозунгі, громка пляскаў у далоні, чым працяглы час парушаў спакой грамадзянаў”.

Таксама 23 жніўня Даніла Ганчароў прыняў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на праспекце Незалежнасці і Пераможцаў, дзе выходзіў на праездную частку, выкрыкваў лозунгі і неаднаразова не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў. Аналагічныя дзеянні, па словах пракурора, абвінавачаны здзейсніў 13, 20, 27 верасня і 4 кастрычніка.

Акрамя гэтага, Данілу Ганчарова абвінавачваюць па ч. 6 арт. 16 ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса: нібыта ён праз інтэрнэт з ужыванне неабходнага праграмнага забеспячэння аказаў садзейнічанне ў арганізацыі іншымі асобамі группавых дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, а менавіта дасылаў паведамленні і фотаздымкі ў тэлеграм-каналы Nexta і Nexta Live пра перамяшчэнні сілавікоў па горадзе.

Даніла Ганчароў сваю віну ў судзе не прызнаў.

Спачатку ў судзе вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы, частку з іх праглядалі ў закрытым рэжыме, так як мелася інфармацыя, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Ад дачы паказанняў абвінавачаны у судзе адмовіўся, таму зачыталі інфармацыю з пратаколаў, якія былі складзеныя падчас следства. У іх абвінавачаны таксама адмаўляўся ад дачы паказанняў, казаў, што сутнасць абвінавачвання яму не зразумелая.

Падчас спрэчак бакоў Цімафей Нічыпарук прасіў прызнаць Данілу Ганчарова вінаватым і прызначыць яму канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыма.

Інфармацыя будзе дапоўненая

Даніла Ганчароў быў прызнаны палітвязнем, падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: 

 СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Праваабарончы цэнтр "Вясна" пры дапамозе валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Крыніца: Для Данілы Ганчарова запрасілі два гады пазбаўлення волі за ўдзел у шасці нядзельных маршах і перасылку інфармацыі ў Telegram