Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Восьмага ліпеня працягваюць заводзіць новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Светлагорск

У Светлагорску зраніцы 8 ліпеня адбываюцца масавыя ператрусы. У кватэры некалькіх жыхароў горада амаль адначасова прыйшлі міліцыянты з пастановамі на ператрус. Прычыны і нагоды ператрусаў пакуль невядомыя. Прыйшлі з вобшукам па фактам "тэрарызму" да роднай сястры актывіста Дзімы Дзікуна, які зараз з’ехаў у Літву, піша @palessepress

Мінск 

У Беларусі заблакавалі "люстэркавы" сайт Еўрарадыё — euroradio.pl. Чытачы пачалі скардзіцца на праблемы з доступам да яго 7 ліпеня. Яны бачылі паведамленне: "Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь...".

Гэты крок быў чаканы, бо са жніўня заблакаваны і  асноўны сайт — euroradio.fm.  

Глыбокае

У Глыбокім і Докшыцах сёння праводзяць ператрусы Пра гэта напісаў краязнаўца Кастусь Шыталь:

«У Глыбокім сёння з самай раніцы ператрэслі кватэры актывістаў Аляксандра Шарабайкі і Вольгі Лапатка.

У Докшыцах – настаўніка Арцёма Стадольніка і юрыста, былога следчага Юрыя Мацеюна.

У Докшыцах быццам бы шукаюць тых, хто размаляваў аўтобусны прыпынак у адной з вёсак. У Глыбокім, па непацверджанай інфармацыі, "шукалі выбухоўку"», піша Радыё Свабода.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Масавыя ператрусы ў рэгіёнах: хроніка за восьмага ліпеня