Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Пятага ліпеня працягваюць заводзіць новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

У Беларусі закрываюць карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё». Гэта вынікае з пастановы ад 05.07.2021, зарэгістраванай у рэестры Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала Беларусі. Нагадаем, у жніўні 2020 года ў Беларусі заблакавалі доступ да сайта «Еўрарадыё», а журналістам СМІ не падоўжылі тэрміны дзеяння акрэдытацыі.

Затрыманага старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі з СІЗА КДБ ў турэмны шпіталь — у яго праблемы з сэрцам і ацёкі. Як паведаміла дачка Кастусёва, палітык у дадзены момант знаходзіцца ў медычным аддзяленні СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага. Пра перавод Рыгора Кастусёва ў іншае СІЗА дачка даведалася сёньня, калі ў яе не прынялі перадачу для зьняволенага ў СІЗА КДБ ("Амерыканка"). 

Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка ў Шклове па крымінальнай справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Затрыманых па «справе TUT.ВY» галоўную бухгалтарку Анжэлу Асад, мэнэджэра Андрэя Аўдзеева і дырэктарку RocketData Дар'ю Данілаву перавялі са следчага ізалятара КДБ у СІЗА №1 на Валадарскага. Цяпер больш за 10 чалавек, якія праходзяць па «справе TUT.ВY», знаходзяцца за кратамі, паведамляе @tutby_official.

Нагадаем, супраць TUT.ВY была ўзбуджаная крымінальная справа аб «ўхіленні ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры» (арт. 243 Крымінальнага кодэксу). Паводле афіцыйнай версіі нібыта была атрымана выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій.

assad_danilava_audzeeu.jpg
Анжэла Асад, Дар'я Данілава, Андрэй Аўдзееў

Генпракуратура Беларусі просіць Расію выдаць спявачку Анжаліку Агурбаш, абвінавачваную на радзіме па двух крымінальных артыкулах, піша "Медыязона" са спасылкай на тэлеграм-канал ведамства.

Паводле версіі абвінавачвання, са жніўня 2020 года Анжаліка Агурбаш "як самастойна, так і ў групе з неўстаноўленымі асобамі размяшчала ў Інтэрнэце звесткі, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці". Акрамя гэтага, спявачка "ў групе з неўстаноўленымі асобамі таксама апублікавала ў Інтэрнэце звесткі, якія змяшчаюць абразы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, злучаныя з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў". У дачыненні да Агурбаш у Беларусі санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

2 ліпеня стала вядома, што супраць спявачкі Анжалікі Агурбаш распачалі крымінальную справу паводле артыкулаў аб распальванні варожасці (Частка 3 артыкула 130 КК) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (Частка 2 артыкула 368 КК).

agurbash.jpg
Анжаліка Агурбаш

Будзе дапоўнена

Крыніца: Закрыццё карпункта "Еўрарадыё", праблемы са здароўем у Кастусёва. Пераслед за пятага ліпеня