У судзе Савецкага раёну Мінску 1 і 2 ліпеня крымінальны працэс па "справе студэнтаў" працягваўся допытам абвінавачаных.
Нагадаем, студэнтак і студэнтаў сталічных ВНУ Ксенію Сырамалот, Ягора Канецкага, Іллю Трахтэнберга, Таццяну Якельчык, Касю Будзько, Яну Арабейка, Вікторыю Гранкоўскую, Анастасію Булыбенка, Марыю Каленік, Глеба Фіцнера, выпускніцу БДМУ Алану Гебрэмарыям і выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак").
З усіх фігурантаў справы сваю віну прызнае толькі Глеб Фіцнер, астатнія настойваюць на сваёй невінаватасці
Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляюць Анастасія Маліка і Раман Чабатароў.
Тэкставую онлайн-трансляцыю з залі суда вядуць "Вольны прафсаюз БДУ" і "Студэнцкая Думка".
"Студэнты — галоўнае капіталаўкладанне нашай краіны". Відэазвароты супраць гвалту сталі рэчавымі доказамі ў судзе
Допыт Іллі Трахтэнберга: "Я ведаю, што ў мяне ёсць права на сваё меркаванне і яго выказванне"
Першым дапытвалі Іллю Трахтэнберга. Ён лічыць, што абвінавачванне заснавана на здагадках, астатняе - апісанне дзеянняў звычайных студэнтаў, якія нельга ўспрымаць як злачынства. У сваіх дзеяннях Ілля складу злачынства не бачыць, віны не прызнае.
З усіх абвінавачаных ён быў знаёмы толькі з Таццянай Якельчык і Анастасіяй Булыбенка. З Таццянай Ілля вучыўся на адным курсе, у іх склаліся прыяцельскія адносіны.
Пракурор задае пытанні пра адлічэнне, яго прычыны, а таксама, з кім з абвінавачаных разам вучыліся і размаўлялі. Таксама папрасіў пракаментаваць вынік выбараў, хоць Ілля некалькі разоў адмаўляўся адказваць на гэтае пытанне, але сказаў, што з іх вынікамі ён не згодны.
Пракурор пытаўся пра телеграм-канал "БДУ Мехмат 97%", пра ўдзельнікаў канала і як доўга ён існуе.
Пракурор: Кім вы былі ў чаце?
Ілля: Удзельнікам.
Пракурор: Проста удзельнікам ці ўсё ж адміністратарам?
Ілля: У мяне быў статус адміністратара.
Пракурор: Як вы яго атрымалі?
Ілля: Там быў ліміт па часе, мне яго не хапала. Вось і папрасіў даць.
Пракурор: Хто вам даў гэты статус?
Ілля: Таццяна [Якельчык].
Пракурор: Якая роля ў яе там была?
Ілля: Выдаляла паведамленні з нецэнзурнай лексікай.
Пракурор задаваў пытанні пра паведамленні ў чаце і заклікі. Ілля казаў, што ў паведамленнях нікога не заклікаў, проста агучваў час акцый. Таксама ў чаце былі галасаванні і розныя абмеркаванні.
Дзяржабвінаваўца настойвае на тым, што Ілля заклікаў у чаце.
Ілля: Я ведаю, што вы мяне раскручваеце (смех у зале). Я проста прапаноўваў час, не быў арганізатарам.
Пракурор: Нічога я вас не раскручваю.
Пракурор падкрэсліў, што, калі ён прапаноўваў час і потым акцыя праходзіла, чаму ён не звязвае гэта са сваімі паведамленнямі.
Ілля: Таму што я не быў арганізатарам. Можа запосціў адну нейкую акцыю ці яе вынік, дакладна не памятаю.
Ілля кажа, што калі і размяшчаў нейкія паведамленні, то толькі сваё меркаванне. Не ведае, што бачылі іншыя ўдзельнікі чата. Не памятае, што было напісана іншымі людзьмі ў чаце.
Пракурор: Вы каго-небудзь запрашалі, клікалі з сабой на акцыі?
Ілля: Не. Я не бегаў па аўдыторыях і не клікаў з сабой. Усе самі для сябе вырашалі.
Таксама Ілля распавёў, што браў удзел толькі ў адной зум-канферэнцыі, дзе была і Святлана Ціханоўская. Канферэнцыя тычылася студэнцтва, хто там браў удзел Ілля дакладна не памятае, акцыі пратэсту там не абмяркоўваліся, а падымаліся "пытанні студэнцтва".
У відэазвароце ўзяў удзел, каб выказаць сваю пазіцыю, бо быў не згодны з ужываннем гвалту сілавікамі пасля выбараў. Ілля апісвае акцыі студэнтаў: спявалі песні, размаўлялі на вялікім перапынку, у кожнага, хто наведваў акцыі, былі свае матывы.
Пракурор: Вы сказалі, што акцыі праходзілі на перапынках.
Ілля: Так, на вялікім перапынку.
Пракурор: Што там рабілі?
Ілля: Маглі піць гарбату.
Пракурор: Што крычалі?
Ілля: Не перапыняйце мяне. Пачакайце, вы, напэўна, не так пачулі. Я сказаў, маглі піць гарбату.
Пракурор: Піць гарбату?
Ілля: Так.
Пракурор: Добра.
У зале смех.
Пра сядзячыя акцыі палітвязень растлумачыў, што студэнты сядзелі на падлозе і за сталамі. Да іх падыходзіў Курсаў, прасіў пісаць тлумачальныя.
Пракурор задае пытанне пра неабходнасць ўзгаднення такога правядзення часу.
Ілля: [Перапынак] гэта асабісты час студэнтаў. Мы не абавязаны ўзгадняць яго.
Падчас страйку, які праходзіў 26 кастрычніка, Ілля кажа, што студэнты прытрымліваліся прынцыпу: "бастуючыя не перашкаджаюць небастуючым". Студэнты сабраліся ў холе, сядзелі. Адміністрацыя хутчэй проста назірала. Ілля адмаўляе, што быў арганізатарам забастоўкі або кіраваў працэсам.
Каментуючы яўку з пакаяннем, кажа, што яго прывезлі з мяшком на галаве, потым сказалі пісаць. Студэнта спрабавалі справакаваць напісаць нешта асаблівае.
Чытаюць словы Іллі з яўкі з павіннай, што ён спрабаваў актывізаваць іншых шляхам удзелу і паведамленняў у чат. У судзе палітвязень настойвае, што кожны сам прымаў для сябе рашэнне, актывізаваць кагосьці ён не спрабаваў:
"Я ведаю, што ў мяне ёсць права на сваё меркаванне і яго выказванне".
З самага пачатку студэнты спрабавалі размаўляць з рэктарам, але адміністрацыя ВНУ была супраць любога руху, таму ўдзельнікі акцый зразумелі, што дамаўляцца не мае сэнсу. Мэты зрываць заняткаў у студэнтаў не было, парушэнняў парадку і псавання маёмасці Ілля не назіраў, сам прымаў удзел выключна як удзельнік. Ілля лічыць, што факт статусу адміністратара ў чаце не з'яўляецца супрацьпраўным.
Допыт Глеба Фіцнера: прызнае віну, удзельнічаў у канферэнцыях, адміністраваў тэлеграм-канал
Глеб Фіцнер цалкам прызнае сваю віну. Не можа дакладна сцвярджаць аб віне астатніх, так як даведаўся іх толькі ў рамках разгляду крымінальнай справы.
Расказвае пра акцыі, якія праходзілі кожны дзень у МДЛУ з 1 верасня. Часам на акцыях прысутнічала сымболіка, былі лозунгі: "Жыве Беларусь!", "Верым! Мажам! Пераможам!" і іншыя. Фіцнер кажа, што адзін раз прыняў удзел і сам. Даведаўся пра акцыю з канала ініцыятыўнай групы. Кажа, там быў заклік перакрыць праезную частку, АМАП спрабаваў іх разагнаць.
4 верасня з'явіўся канал "МДЛУ за свабоду". Хто яго адміністраваў, абвінавачаны не ведае. У той жа дзень у будынак універсітэта зайшоў АМАП. Пасля гэтага дня Глеб вырашыў сур'ёзна заняцца арганізацыяй пратэстнага руху ў сваім універсітэце.
Хто быў адміністратарам чатаў, Фіцнер не ведае, але там абмяркоўвалася пратэстны рух, былі заклікі рабіць плакаты, спяваць песні, таксама былі абмеркавання. Калі Глеб стаў адміністратарам "МДЛУ за свабоду", заклікаў там не публікаваў. У асноўным рабіў Блакаванне тых ці іншых удзельнікаў, альбо нейкія рэпосты. На канале была зваротная сувязь, але не ведае, хто за яе адказваў.
Фіцнер распавядае пра канферэнцыі з Лаўрэцкім, які пытаўся пра псіхалагічны стан студэнтаў і затрымання, слухаў ідэі і прапановы ўдзельнікаў канферэнцый. Канферэнцыі для абмеркавання праводзіліся раз на тыдзень, часам часцей, калі адбываліся нейкія падзеі. Ні на адной канферэнцыі па галасах даведацца абвінавачаных не можа.
Пасля "Маршу маладосці" прайшла таксама канферэнцыя З Лаўрэцкім, дзе абмяркоўваліся вынікі акцыі. Глеб агучвае вельмі дакладныя дадзеныя па канферэнцыях.
Таксама палітвязень агучвае, што адбывалася на забастоўках: былі песні, лозунгі, маршы. Сам удзел не прымаў з-за самаізаляцыі па COVID-19, але інфармацыю адсочваў па чатах.
Пазней прыйшло расчараванне з-за адсутнасці чаканага выніку. Пачалі шукаць іншыя спосабы адлюстравання сваёй пазіцыі. Фіцнер кажа пра адлічэнні ў універсітэце. Да моманту яго затрымання ён застаўся амаль адзіным прадстаўніком МДЛУ на розных канферэнцыях.
Таксама ўдзельнічаў у канферэнцыі з Ціханоўскай, дзе абмяркоўваліся пытанні дапамогі студэнтам. Сам пытанні не задаваў, што казалі іншыя ўдзельнікі - не памятае.
Агучыў, на якіх мерапрыемствах быў сам. Тое, што адбываецца, акцыі ў іншых ВНУ таксама адсочваў. Ведаў, што ўсе дзеянні студэнтаў могуць ісці насуперак з правіламі ўнутранага распарадку ВНУ, але не ўсведамляў, што ўсё гэта можа дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. У сваіх дзеяннях шчыра раскайваецца.
Адвакат пытаецца, пра папярэдні змову паміж абвінавачанымі. Глеб прызнае папярэднюю змову, але не ўпэўнены, што ён быў менавіта з іншымі абвінавачанымі, бо іх не ведаў да пачатку крымінальнай справы.
Допыт Вольгі Філатчанкавай: віну не прызнае, студэнтаў да акцый не заклікала
2 ліпеня пасяджэнне пачалося з допыту выкладчыцы Вольгі Філатчэнкавай. Яна распавяла, што яе абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак па папярэдняй змове, але сваю віну Вольга не прызнае. На парах студэнтаў да акцый не заклікала, нічога не арганізоўвала. Часам удзельнічала ў акцыях студэнтаў, але ў гэты час проста стаяла побач і мела зносіны з імі.
У страйку ўдзельнічала адзін дзень, але студэнтаў да яе не заклікала, а лабараторную працу тады дазволіла здаць анлайн.
Не разумее, чаму яе трымаюць ужо столькі часу. Лічыць, што абвінавачванне неабгрунтавана, разумных дзеянняў не здзяйсняла. Просіць даць апраўдальны прысуд.
Паказанні Вольгі Філатчанкавай на судзе па "справе студэнтаў". Поўны тэкст выступу
Допыт Асі Булыбенка: "Паказаў дзіцячыя фота, даў зразумець, што ён ведае пра мяне больш, чым я сама"
Ася Булыбенка давала паказанні, адказваючы на пытанні пракурора. Распавяла, што вучылася з Вікторыяй Гранкоўскай. Сама акцыі не арганізоўвала, інфармацыю пра іх не размяшчала. Удзельнічала ў канферэнцыях, але не вельмі часта, абмяркоўвалі ў асноўным праблемы студэнтаў, хто яшчэ ўдзельнічаў у іх-не ведае.
Не адмаўляе, што малявала плакаты для акцый, як часта ўдзельнічала ў іх - не памятае. Студэнты збіраліся на перапынку ля галоўнага ўваходу, размаўлялі паміж сабой, спявалі песні.
Ніхто не паведамляў, што трэба ўзгадняць масавыя мерапрыемствы. Абвінавачаная не бачыць супрацьпраўнасці ў зносінах студэнтаў на перапынку, не памятае, каб прадстаўнікі адміністрацыі размаўлялі са студэнтамі.
Ася Булыбенка распавяла пра яўку з пакаяннем. Калі да яе прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з ператрусам, дзяўчына спала. Супрацоўнікі далі ёй тэлефон, прасілі ўключыць, паралельна пыталіся, якую вопратку падаць, таму што яна была распранутая. Правялі ператрус, пасля чаго сказалі ехаць з імі, каб напісаць яўку. Выбару ў дзяўчыны не было. Тады яна не ведала, што можа гэтага не рабіць.
У міліцыі з ёй пачаў гаварыць адзін супрацоўнік, падказваў фармулёўкі для яўкі.
"Паказаў дзіцячыя фота, назваў цыгарэты, якія палю. Увогуле, даў зразумець, што ён ведае пра мяне больш, чым я сама", - распавяла Булыбенка.
У яўцы палітзняволеная напісала, што ў нейкай чат, у якім складалася Ася, дадалася Алана.
Пасля гэтага Асю затрымалі, хоць да гэтага абяцалі адпусціць.
У судзе абвінавачаная патлумачыла, што ў момант напісання яўкі не ведала, хто такая Алана, не ведала, што яна ўваходзіла ў Каардынацыйную Раду, па голасе даведацца на "сазвонах" яе не магла.
Пракурор: Алана абяцала студэнтам дапамогу з навучаннем за мяжой?
Ася: Я не памятаю.
Пракурор: Дык чаму ў вас гэта пазначана ў яўцы?
Ася: Гэта не мая фармулёўка.
Сваю віну ў арганізацыі пратэстных мерапрыемстваў Булыбенка не прызнае. Кажа, што ў яўцы з павіннай прызнавала, бо памылялася ў разуменні фармулёўкі "арганізацыя". Ёй супрацоўнікі сказалі, што абмеркаваць акцыі і выйсці да ўжо гатовых акцыяў-гэта ўжо арганізацыя акцый.
Лічыць, што забастоўка не справакавала парушэнне навучальнага працэсу і перамяшчэння транспарту.
Ася таксама распавяла, што 17 кастрычніка была затрыманая падчас студэнцкага маршу. Распавядае, што падчас затрымання супрацоўнікі абыходзіліся з ёй груба, адзін з супрацоўнікаў падняў шапку і нанёс чырвоную фарбу Асе на лоб. Дзяўчына была вельмі напалохана і не ведала для чаго гэта.
Дзяўчына кажа, што да затрымання была знаёмая з Вікторыяй Гранкоўскай і Іллёй Трахтэнбергам.
У сувязі з істотнымі супярэчнасцямі суд зачытвае папярэднія паказанні Булыбенко.
Ягор Канецкі адмовіўся даваць паказанні
Суд зачытаў тыя паказанні, якія абвінавачваны даваў падчас допытаў. У іх Ягор паведамляў, што негатыўных наступстваў акцыі студэнтаў не мелі. Ягора пыталіся пра некалькі чатаў і "скліканняў". Гучаць некаторыя імёны хлопчыкаў і дзяўчынак, распавядаецца, што Ягор быў сябрам ЗБС і «умоўнай намеснік старшыні» Вольнага прафсаюза БДУ.
У першых паказаннях Ягор казаў, што з'яўляўся рэдактарам некаторых каналаў, казаў, што раскайваецца.
Допыт Таццяны Якельчык: "Наадварот, я за мірную і квітнеючую Беларусь»
Таццяна Якельчык распавяла, што ні з кім з хлопцаў акрамя Іллі Трахтэнберга, з якім вучылася на адным факультэце, не была знаёмая. Ні ў якой змове не ўдзельнічала, нічога не парушала, не ініцыявала ўвядзення санкцый.
Асабіста сустракалася толькі з Іллёй. Не прыцягвала і не магла прыцягваць людзей да парушэння парадку. Ні аб якім плане не ведала. Ніхто не прасіў яе праводзіць акцыі і асвятляць іх. Алана нічога ёй не казала, з ёй знаёмая не была. Ніякімі навыкамі для арганізацыі акцый не валодала.
З телеграм-каналаў ведала толькі пра "БДУ 97 «і»БДУ МЕХМАТ 97". Правы адміна ёй даў стваральнік чата, каб магла выдаляць бессэнсоўныя паведамленні, спам і т .д. ніякіх сумесных з Іллёй абмеркаванняў аб пасадах на канале не было. Што ён пісаў дзяўчына не ведала.
Збор удзельнікаў 26 кастрычніка не ажыццяўляла, была тады простым удзельнікам. Грамадскі парадак у той дзень не парушаўся. Пра перашкоды перамяшчэнню транспарту нічога не ведае.
Удзельнічала ў сустрэчы з рэктарам з Іллёй і іншымі студэнтамі БДУ.
Акцыі праходзілі на вялікім перапынку і доўжыліся не больш за 20 хвілін, яны не перашкаджалі навучальнаму працэсу і, на яе погляд, не маглі перашкодзіць. Сама ніякіх палітычных лозунгаў на акцыях не крычала, сімволікі ў сценах універсітэта не было. Так званай "завадатарам" не была.
Пасля ўсіх акцый удзельнікі прыцягваліся да дысцыплінарных спагнанняў. Супрацоўнікі міліцыі ў універсітэце не з'яўляліся.
Таня распавядае, што не здзяйсняла дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
"Наадварот, я за мірную і квітнеючую Беларусь", - дадала дзяўчына.
Пасля гэтага прысутныя ў зале заапладзіравалі, і суддзя выгнала ўсіх з пасяджэння.
Судовае пасяджэнне працягнецца 7 ліпеня ў 10:30.
Крыніца: "Я за мірную і квітнеючую Беларусь". У судзе па "справе студэнтаў" дапыталі частку абвінавачаных