“Абмежаванне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў працы АБСЕ будзе вялізным крокам назад для Хельсінкскага працэсу, а таксама здрадай духу і асноўным каштоўнасцям гэтай унікальнай ініцыятывы па прасоўванні міру,” — гаворыцца ў звароце, распаўсюджаным Платформай грамадзянскай салідарнасці (CSP), якая аб’ядноўвае больш чым 90 праваабарончых НДА з усяго рэгіёну АБСЕ. Зварот быў апублікаваны па выніках працы Паралельнай канферэнцыі грамадзяскай супольнасці АБСЕ, якая прайшла ў Вене 5-6 снежня. Мерапрыемства традыцыйна праводзіцца напярэдадні пасяджэння Савета міністраў АБСЕ. Зварот падпісалі больш за 50 НДА, у тым ліку Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
“На працягу чатырох дзесяцігоддзяў арганізацыі грамадзянскай супольнасці адыгрывалі важную ролю ў кантролі, дакументаванні і справаздачнасці аб выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння, прынятых дзяржавамі-удзельнікамі ў рамках Канферэнцыі, а пазней Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Пры ўзаемадзеянні з АБСЕ НДА дапамаглі захаваць правы чалавека на парадку дня, мабілізаваць ўвагу да крызісаў ў галіне правоў чалавека і спланаваць дзеянні АБСЕ па актуальных пытаннях правоў чалавека. Цяпер улады некаторых краінаў прымаюць законы і рашэнні, якія абмяжоўваюць дзейнасць грамадзянскай супольнасці ў гэтых краінах, імкнуцца ўвесці новыя правілы і нормы па абмежаванні ўдзелу грамадзянскай супольнасці на ўзроўні АБСЕ. Гэтыя захады негатыўна і незваротна ўплываюць на давер да АБСЕ ў той час, калі ўдзельнікі грамадзянскай супольнасці сутыкаюцца з беспрэцэдэнтным ціскам па ўсім рэгіёне і, больш чым калі-небудзь, маюць патрэбу ў форумах АБСЕ, каб іх голас быў пачуты,” — гаворыцца ў звароце.
CSP падкрэслівае “ўсё большую тэндэнцыю скарачэння і нават закрыцця прасторы для грамадзянскай супольнасці ў многіх краінах рэгіёну АБСЕ”, дзе ўлады спасылаюцца на “пытанні бяспекі, каб апраўдаць доўгатэрміновыя абмежаванні дзейнасці грамадзянскай супольнасці і расправіцца з НДА, якія працуюць па “ўразлівых пытаннях”, у прыватнасці, у галіне правоў чалавека”.
“Сярод іншага, улады адмаўляюць ім у рэгістрацыі і прымушаюць НДА спыніць сваю дзейнасць, называючы іх “замежнымі агентамі”, і пераследуюць іх лідараў, выкарыстоўваючы шырокую трактоўку паняцця экстрэмізму і законы аб тэрарызме, якія не адпавядаюць асноватворным прынцыпам законнасці і могуць быць ужытыя да дзеянняў, якія не маюць нічога агульнага з гвалтам. У прыватнасці, ахвярамі пераследу становяцца праваабарончыя НДА і праваабаронцы, якія працуюць у галіне заахвочвання правоў жанчын, правоў меншасцяў і ўразлівых суполак,” — дадае праваабарончая кааліцыя.
Тыя ж самыя негатыўныя тэндэнцыі згадваюцца ў рэкамендацыях Платформы грамадзянскай салідарнасці да ўдзельнікаў нарады Савета міністраў АБСЕ. Рэкамендацыі ўяўляюць сабой набор “выніковых дакументаў”, якія ахопліваюць ключавыя пытанні, што выклікаюць заклапочанасць у рэгіёне АБСЕ.
“Гэтыя вельмі трывожныя тэндэнцыі захоўваліся на працягу ўсяго 2017 года, у прыватнасці ў такіх краінах, як Азербайджан і ў Цэнтральнай Азіі, зазналі далейшую эскалацыю ў Расіі і Турцыі, а таксама распаўсюдзіліся на новыя краіны, дзе да нядаўняга часу грамадзянская супольнасць была ў стане працаваць без умяшання дзяржавы. У прыватнасці, прастора для грамадзянскай супольнасці прыкметна скарацілася ў Польшчы, Венгрыі, Украіне, Італіі і ЗША,” — гаворыцца ў дакуменце.
Кажучы пра канкрэтныя выпадкі пераследу праваабаронцаў у постсавецкім рэгіёне, CSP згдавае трывожныя навіны, якія паступаюць з Азербайджана, дзе ў апошнія месяцы мела месца новая хваля арыштаў крытыкаў уладаў.
Валянціна Чэрэваценка, старшыня сяброўскай арганізацыі CSP “Жанчыны Дона”, стала першым лідарам НДА ў Расіі, якую прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за невыкананне сумнавядомага закона аб “замежных агентах”.
Крытыкі незаконнага далучэння Крыма да Расіі таксама падвяргаюцца пераследу. Сярод іх журналісты і лідары татарскай меншасці.
Ва Украіне ахвярамі запалохвання і пераследу з’яўляюцца актывісты, якія змагаюцца з карупцыяй, абаронцы экалагічных і зямельных правоў, правоў ЛГБТ або актывісты, якія працуюць у зоне канфлікту на Данбасе.
У Казахстане нядаўна былі распачатыя крымінальныя справы супраць шэрагу праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, прафсаюзных лідараў, журналістаў, карыстальнікаў сацыяльных сетак і іншых крытыкаў уладаў.
У Туркменістане праваабаронцы зафіксавалі больш за 100 выпадкаў гвалтоўных знікненняў у турме асобаў, асуджаных у выніку несправядлівых і палітычна матываваных судовых працэсаў. Агульная колькасць такіх выпадкаў, верагодна, значна вышэйшая.
Ва Узбекістане, па стане на сярэдзіну лістапада 2017 года, былі вызваленыя прынамсі дзесяць праваабаронцаў, журналістаў і крытыкаў уладаў, пасля таго, як ў верасні 2016 года да ўлады прыйшоў Шаўкат Мірзіяеў. Тым не менш, многія па-ранейшаму застаюцца за кратамі.
Падобныя выпадкі таксама былі зарэгістраваныя ў Таджыкістане, дзе два адвакаты атрымалі турэмнае зняволенне на тэрмін больш за 20 гадоў, і ў Кыргызстане, дзе пажыццёвае зняволенне правабаронцы Азімжана Аскарава было пакінута ў сіле у выніку паўторнага разгляду яго справы судом.
Раздзел, прысвечаны Беларусі, згадвае выпадак лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, існаванне двух палітычных зняволеных Дзмітрыя Паліенкі і Міхаіла Жамчужнага, а таксама пераслед “адвакатаў, якія працуюць па палітычных справах і справах, звязаных з правамі чалавека”, у тым ліку пазбаўленне ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахціной.
Платформа грамадзянскай салідарнасці таксама выказвае заклапочанасць у сувязі з адсутнасцю доступу да правасуддзя для ахвяраў гвалтоўных знікненняў і іх сем'яў.
“У 1999-2000 гг. у Беларусі мелі месца чатыры гучныя справы знікнення і меркаванага забойства палітычных праціўнікаў ўрада. Афіцыйнае расследаванне было неэфектыўным — яму не ўдалося ўсталяваць абставіны злачынства і выявіць вінаватых. Гэтыя выпадкі былі ў цэнтры ўвагі спецыяльнага дакладу Камітэта ПАСЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ў 2004 годзе, а таксама дакладу Маскоўскага механізму АБСЕ па Беларусі ў 2011 годзе. Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў індывідуальныя скаргі сваякоў зніклых і прыйшоў да высновы, што Беларусь павінна правесці поўнае, аб'ектыўнае і дбайнае расследаванне, прыцягнуць вінаватых да адказнасці, выплаціць кампенсацыю сваякам, і апублікаваць вынікі. Тым не менш, урад адказаў, што ён не прызнае кампетэнцыю Камітэта па разглядзе індывідуальных скаргаў і не зрабіў аніякіх захадаў,” — адзначаецца ў дакуменце.
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, які браў удзел у працы Паралельнай канферэнцыі грамадзяскай супольнасці, гаворыць, што рэкамендацыі былі перададзеныя многім дэлегацыям краінаў АБСЕ і, самае галоўнае, дэлегацыі Італіі, якая будзе старшынстваваць у АБСЕ у наступным 2018 годзе.
“Сітуацыя з правамі чалавека ў зоне АБСЕ за апошні час значна пагоршылася”, — канстатуе Алесь Бяляцкі. “І ў Беларусі яна не палепшылася. Але агульныя тэндэнцыі ў рэгіёне краінаў АБСЕ прыносяць больш трывогі, чым аптымізму. Тым не менш, мы будзем працягваць уплываць на беларускія ўлады праз міжнародныя механізмы з тым, каб яны выконвалі міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека, дабраахвотна ўзятыя на сябе. Нам трэба раўняцца на лепшыя практыкі, а не браць прыклад з усходніх сатрапіяў,” — перакананы праваабаронца.
Крыніца: Абмежаванне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў АБСЕ — велізарны рэгрэс для Хельсінкскага працэсу