24 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе працягнулася пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да Сяргея Трэшчанкі, якога абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці па арт. 130 Крымінальнага кодэкса.  Справу вёў суддзя Анатоль Сотнікаў, бок дзяржабвінавачання падтрымліваў Юрый Мохараў.

Абвінавачваны быў затрыманы 24 сакавіка 2021 года і з таго часу знаходзіцца пад вартай.

Пракурор заявіў хадайніцтва аб далучэнні дакумента, у якім пазначана, што за час знаходжання пад вартай у абвінавачанага не было дысцыплінарных спагнанняў.

Адвакатка прасіла прагледзець і далучыць да матэрыялаў справы відэазапіс з "раскаяннем" Сяргея Трэшчанкі, які быў размешчаны на ютуб, а таксама скрыншот, з якога вынікае, што гэты ролік прагледзела больш за 1250 карыстальнікаў.

Таксама абарона прасіла далучыць характарыстыку з месца жыхарства абвінавачанага з 27 подпісамі суседзяў.

Аднак прагледзець відэа ў судзе не ўдалося, суддзя адхіліў хадайніцтва аб далучэнні відэароліка, бо палічыў, што ў абароны было дастаткова часу, каб даць матэрыялы суду.

Пасля гэтага прайшлі спрэчкі бакоў. У сваім выступ пракурор сказаў, што "разгледжаная крымінальная справа з'яўляецца пацвярджэннем таго, што незалежна ад адукацыі, сацыяльнага і сямейнага становішча, станоўчых характарыстык, працоўнай занятасці чалавека, здзейсненае ім супрацьпраўнае дзеянне ў сетцы Інтэрнэт мае сур'ёзнае грамадскія і прававыя наступствы, за якія яму даводзіцца адказваць у рэальным жыцці". Юрый Мохараў меркаваў, што вінаватасць Сяргея Трэшчанкі ў здзяйсненні злачынства па арт. 130 КК цалкам даказаная.

Нягледзячы на выказаную пазіцыю абвінавачаным аб поўным прызнанні віны, дзяржабвінаваўца заявіў, што Трэшчанка "ў судовым пасяджэнні фактычна віну сваю не прызнаў", бо сказаў, што ў яго не было намеру на распальванне ў няпэўна шырокага кола асобаў сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, міліцыі. У судзе былі абвешчаныя паказанні Сяргея папярэдняга следства, істотныя супярэчнасці абвінавачаны патлумачыў стомленасцю пасля працы і няўважлівым чытаннем. Аднак Мохараў указаў, што ў пратаколе не выкладзеныя якія-небудзь заўвагі, а сам абвінавачаны ў судзе тлумачыў, што даваў паказанні добраахвотна, без прымусу і аказання ўздзеяння на яго. Пры гэтым, калі Трэшчанка былі аказаныя паслугі адваката, і ён атрымаў юрыдычную дапамогу, абвінавачаны на допыце паказаў, што "размешчаны матэрыял, у тым ліку каментар, былі накіраваныя на тое, каб усе ўбачылі, што ў сістэме МУС ёсць праблемы, якія трэба вырашаць", заклікаць каго-небудзь да гвалту ён не хацеў, але размясціўшы каментар да відэа, хацеў паказаць на тое, што "гэтая добрая праграма, і каб супрацоўнікі міліцыі баяліся, і ў іх забралі ўсе грошы і аддалі на дабрачыннасць".

"Выкладзенае ім фактычна пацвярджае яго віну, а таксама сведчыць аб тым, што ён падзяляе і прытрымліваецца ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, выказваў адкрытую непрыязнасць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь", - прыйшоў да высновы пракурор.

Юрый Мохараў прасіў суд прызначыць Сяргею Трэшчанку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады і 6 месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прысуд быў абвешчаны ў 14.30. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызнаў Сяргея Трэшчанку вінаватым і прызначыў яму 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У СІЗА Сяргей Трашчанка знаходзіцца на прафілактычным уліку як асоба, схільная да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю, праяваў агрэсіі, і як асоба, схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці.

Крыніца: "Выказваў адкрытую непрыязнасць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў". Сяргея Трэшчанку асудзілі на 3 гады калоніі за расшар відэа і каментар да яго