Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 чэрвеня працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягваецца ціск на палітвязняў. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Затрыманні ў Мінску

Сёння раніцай ў сябе дома ў Мінску была затрыманая пенсіянерка Наталля Аляксандраўна Хоміч. Затрымлівалі людзі ў цывільным на срэбным бусе. Таксама забралі з дому жанчыны яе тэхніку. Вядома толькі, што да гэтага ёй прыходзіў замоўны ліст з суда, але невядома з якой нагоды.

Таксама паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Віталя Ігнатовіча. Вядома, што затрымліваў падпалкоўнік МУС Валадзько. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Брутальнае затрыманне лекара

Паведамляецца, што сёння ў Жодзіне затрымалі лекара-неўролага цэнтральнай гарадской бальніцы Уладзіслава Кузняцова. У яго інваліднасць 2 групы.

Сёння каля 9.00 у кватэры бабулі, дзе ён жыве, прапала святло. Затым у дзверы пастукалі, калі бабуля Уладзіслава спытала, хто прыйшоў, у яе спыталі, ці няма ключа ад электрашчытка і жанчына адкрыла.

У кватэру ўварваліся чацвёра, не прадставіліся, адразу надзелі кайданкі на Уладзіслава, білі, а потым павезлі ў ГАУС. Таксама забралі ўсю тэхніку і тэлефоны.

Крыміналка на акцёра

jasinski_90.jpeg
Ілля Ясінскі. Фота Максіма Карасцялёва

На акцёра Тэатра беларускай драматургіі Іллю Ясінскага, якому ў лістападзе сілавікі зламалі пазванкі, завялі крымінальную справу (не паведамляецца, па якім артыкуле). Ён вымушаны быў бегчы з краіны.

Дзякуючы намаганням @by_culture, акцёр цяпер знаходзіцца ў бяспецы за мяжою. Ён засняў на відэа, як пераходзіць дзяржаўную мяжу.

«У жніўні я адчуў, што мяне нічога не спыніць у змаганні за Свабоду і Справядлівасць. Зараз я ўражаны тым, колькі штодня робяць беларускія дыяспары! З Беларусі гэта не так бачна, але тут барацьба не спыняецца ніколі. Хваля натхнення, падтрымкі і гонару за беларусаў надае моцы і ўпэўненасці ў нашай светлай справе!», — адзначае Ілля.

Папярэджанне Генпракуратуры "Еўрарадыё"

У пракуратуры Гродзенскай вобласці заявілі, што інфармацыя пра ціск на дзіцячы хоспіс у Гродне "недакладная", а таксама "скажоная ў мэтах дыскрэдытацыі органаў улады". Гэта рэакцыя на інтэрв'ю "Еўрарадыё" з дырэктаркай установы Вольгай Вялічка.

Заяўляецца, што забраны ў хоспісе апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх Следчы камітэт прапаноўваў вярнуць, але яго не забралі дагэтуль. Што памяшканні судовыя выканаўцы не ўскрывалі, а скаргі супрацоўнікаў хоспіса на дзеянні сілавікоў "не паступалі".

Вялічка ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавяла, што перакананая: цікавасць гарадскіх уладаў выклікае яе грамадзянская пазіцыя. Ціск пачаўся восенню мінулага года, але "хоспіс працуе ў штатным рэжыме".

Справу палітзняволенага адміна “Белых халатаў” перадалі ў суд 

Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы палітзняволенага адміністратара “Белых халатаў”. 21-гадовага студэнта медуніверсітэта Уладзіслава Марціновіча вінавацяць па ч. 3 ст. 361 Крымінальнага кодэкса (распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы).

Мэта телеграм-канала “Белыя халаты”, па версіі СК, “уздзеянне на свядомасць і волю работнікаў аховы здароўя і медыцыны, выкладчыкаў і навучэнцаў медыцынскіх ВНУ”.

Справа перададзена пракурору для накіравання ў суд. Хлопцу пагражае да трох год пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Чарговы суд над палітвязнем аб кампенсацыі шкоды за "перакрыццё дарог" на пратэстах 

Палітвязень Ігар Пражэннікаў. Фота: spring96.org
Палітвязень Ігар Пражэннікаў. Фота: spring96.org

Як паведамляе тэлеграм-канал "Вясна: Палітвзяні Беларусі", сёння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска разглядалі чарговую грамадзянскую справу ў інтарэсах «Мінсктранса» да палітзняволенага Ігара Пражэннікава аб «кампенсацыі маёмаснай шкоды нанесенай злачынствам». 17 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў 21-гадовага Ігара Пражэннікава да 1,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Справу палітвязня разглядаў суддзя Мікалай Багамякаў. Гэта яго мінімум трэцяя падобная справа. Пазоў да Ігара складае 18 624,45 рублёў. У абвінавачванні сказана, што 4 кастрычніка мінулага года ў Мінску «шкода была нанесеная з-за прастою транспарту ў выніку супрацьпраўных дзеянняў Пражэннікава». Але адвакат настойвае на тым, што абвінавачаны не знаходзіўся ўсе 3,5 гадзіны на праезнай частцы. Прадстаўніца «Мінсктрансу» на судзе была азнаёмленая з матэрыяламі крымінальнай справы, таму гублялася пры адказах на пытанні суддзі.

Суддзя Багамякоў запатрабаваў ад пазоўніка да наступнага суда карту ўсіх маршрутаў, каб удакладніць, як абвінавачаны мог быць датычны да іх прастою. Суддзя задаволіў хадайніцтва адваката аб тым, каб прыцягнуць суадказнікаў, бо дзеянні былі здзейсненыя ў групе асоб. Па папярэдняй інфармацыі, суадказнікамі па гэтай справе таксама з’яўляюцца палітвязні Яўген Дзмітрыеў, Кірыл Паўлавец, Дзяніс Дзёмух, а таксама Мікіта Ігнацюк.

У справе Ігара Пражэннікава абвешчаны перапынак да 16 ліпеня.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя крыміналкі, затрыманні: што адбываецца 23 чэрвеня ў Беларусі Дапоўнена