Віктар Бабарыка. Фота: "Наша Ніва" На выязным пасяджэнні Вярхоўнага суда ў судзе Маскоўскага раёна 22 чэрвеня пракурор Сяргей Гіргель запрасіў 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму для палітзняволенага экс-банкіра Віктара Бабарыкі. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (частка 3 артыкула 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (частка 2 артыкулы 235 КК), піша телеграм-канал Людмілы Гладкай. Віктар Бабарыка не прызнае віны ні па адным эпізодзе, які яму інкрымінуецца. Судовае следства доўжылася пяць месяцаў.

Нагадаем, суд над топ-мэнэджарамі "Белгазпрамбанка" пачаўся 17 лютага. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў "адмыванні" сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2  арт. 235 КК), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3  арт. 430 КК, Аляксей Задойка (былы першы намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Кірыл Бадзей (в. а. старшыні праўлення Белгазпрамбанка пасля сыходу Бабарыка), Сяргей Шабан (намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Дзмітрый Кузьміч (намеснік старшыні праўлення банка), Аляксандр Ільясюк (намеснік старшыні праўлення банка), Сяргей Дабралёт (былы намеснік старшыні праўлення банка) абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк (заснавальнік кампаніі «Активлизинг») абвінавачваецца ў дачы хабару паўторна альбо ў буйным памеры. З Бадзеем, Дабралетам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабанам, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве. 

Віктар Бабарыка не прызнае віны ў злачынствах, у якіх яго вінавацяць. Усе астатнія сем абвінавачаных віну прызналі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Пракурор запрасіў 15 гадоў калоніі для палітзняволенага Віктара Бабарыкі