Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Публікуем вядомыя факты палітычнага пераследу за 17 і 18 чэрвеня. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 17 чэрвеня

Да незалежнага журналіста і краязнаўцы з-пад Докшыцаў Кастуся Шыталя прыйшлі з ператрусам. Яго вінавацяць у тым, што ён нібыта адмініструе мясцовы Telegram-чат, у якім карыстальнікі «абражаюць» супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 

Кастусь Шыталь, архіўнае фота

«Быў ператрус, забралі ўсю тэхніку, — напісаў Кастусь Шыталь на сваёй старонцы ў Facebook. — Ператрус праводзілі ў рамках крымінальнай справы, заведзенай па арт. 369 на падставе некалькіх паведамленняў у чаце „Докшыцы для жыцця“. Паводле сілавікоў, там змешчаныя абразы трох супрацоўнікаў Докшыцкага РАУС».

Кастусь Шыталь удакладніў, што мае статус сведкі. У пастанове на ператрус пазначана, што ў яго як у «адміністратара чату» (гэта журналіст катэгарычна абвяргае) могуць быць матэрыялы, патрэбныя следству.

У 18-м інтэрнаце БНТУ затрымлівалі студэнта ФММП. Раніцай невядомыя прыйшлі ў інтэрнат і запыталіся ў вахцёра, дзе жыве непаўнагадовы студэнт першага курса Яўген Дзенісенка. Прычынай свайго візіту яны назвалі гутарку з Яўгенам. Аднак замест гутаркі невядомыя забралі хлопца. Раней Яўгена затрымлівалі за стужачкі на заплечніку. Паведамляецца, што хлопца адпусцілі пасля размовы.

Нагадаем, што гэта ўжо трэцяе затрыманне ў БНТУ за чатыры дні.

Таксама праваабаронцам "Вясны" паведамілі пра затрыманне ў Мінску Паўла Яіцкага, у Гродне — Максіма Барадаўкі. Прычыны іх затрымання высвятляюцца.

Супраць жыхаркі Мінску пачалі дзве крымінальныя справы за TikTok-відэа каля Вечнага агню.

У пастанове Следчага камітэту гаворыцца сутнасць абвінавачанняў:

«Накінуўшы на плечы сцяг бел-чырвона-белых колераў цынічна пазіравала і ўсаджвалася ягадзіцамі на мармуровую пліту, устаноўленую на рытуальнай пляцоўцы зь Вечным агнём і абэліскам на плошчы Перамогі».

Дзяўчыну вінавацяць у «здзеку з помніка абаронцу Айчыны» (ч. 2 арт. 346 КК), а таксама ў «хуліганстве» (ч.1 арт. 339 КК). Санкцыя кожнага з артыкулаў прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі.

Увечары 17 чэрвеня на канцэрце «Кино» ў Мінску як мінімум аднаго гледача забраў АМАП.Падчас песні «Мы ждём перемен» адзін з гледачоў разгарнуў дзяржаўную сымболіку, чым выклікаў незадаволенасць некалькіх іншых прысутных — пачалася спрэчка. Пад канец выканання песні чырвона-зялёныя сцягі разгарнулі яшчэ трое гледачоў. Некалькі чалавек уступілі з імі ў кантакт, адзін з іх спрабаваў перашкодзіць выкарыстаньню сцягоў. У выніку як мінімум аднаго з гледачоў, якія выказалі незадаволенасць, вывелі з залі апамаўцы.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Затрыманні, ператрусы: пераслед 17 і 18 чэрвеня