Валанцёры штабу Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Фота Белсат У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 10 чэрвеня агучылі прысуд ў дачыненні да валанцёраў штаба Бабарыкі, палітзняволеных Ігара Ярмолава, Дзмітрыя Канапелькі, Уладзіслава Карэцкага і Мікалая Сасева, якіх вінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).

Падчас спрэчак бакоў пракурор Раман Бізюк запрасіў для ўсіх абвінавачаных па 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму, а таксама канфіскаваць аўтамабіль маці Ігара Ярмолава.

Сёння суддзя Святлана Бандарэнка вынесла прысуд: паракаць Ігара Ярмолава, Дзмітрыя Канапельку, Уладзіслава Карэцкага і Мікалая Сасева па ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 ККпазбаўленнем волі тэрмінам на 5 год, а па ч. 3 арт. 293 КК - на 3 года. Канчаткова прызначыць пакаранне кожнаму абвінавачанаму ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 год ва ўмовах узмоцненнага рэжыму. Аўтамабіль KIA Рыа і лазерныя ўказкі канфіскаваць у даход дзяржавы.

Пасля прысуду Ігар Ярмолаў крыкнуў: "Убачымся на новым судзе! Вы за ўсё адкажаце!" і зачытаў урывак вершу Уладзіміра Караткевіча "Паўлюк Багрым": 

О, як хочацца волі!Жаданая воля, ты чуеш?Асвяці мне усмешкайАпошнія дні у жыцці.Ты маўчыш?Ты не чуеш?Можа, ў дзень, калі ты запануеш,Верас будзе стагоддзіЗ разбітага сэрца расці.

Беларусь, прачынайся!Я цябе абуджаю!Ты павінна прачнуцца,Не праспі сваё шчасце ўначы,Я гукаю цябе,Дарагая, святая!Адкажы ж, мая родная,Не маўчы!..Паміраю і веру:Калісьці над светлымі водамі,Над свабоднай зямлёюІ над Белаю Руссю маёйШчасце сонцам заззяе,І слова нашчадка свабоднагаМае раны загоіцьГаючай жывою вадой.

Прысутныя, якія настойліва канваіры выправоджвалі з залі, апладзіравалі палітвязням. 

Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі.

Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс

Крыніца: За падрыхтоўку да масавых беспарадкаў, якіх не было, і не выкарыстанне лазерных указак палітвязняў асудзілі на 5 гадоў калоніі кожнага