Алег Краўцоў (справа) на сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім 22 красавіка 2020 года. Фота з сайта "Наша Ніва" У судзе Лідскага раёна 9 чэрвеня абвясцілі прысуд былому фельчару хуткай дапамогі Алегу Краўцову. Яго вінавацілі ў актыўных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі прадак (ч. 1 арт. 342 КК) і наўмысным прывядзенні ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння (ч. 1 арт. 309 КК).

Суддзя Максім Філатаў палічыў віну мужчыны даказанай і па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады.

У межах крымінальнай справы Краўцова затрымалі ў лістападзе за тое, што ён нібыта абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблакаваць рух цягнікоў.

Да гэтага яго затрымлівалі 8 траўня 2020 года прама ў будынку суда, куды ён прыйшоў падтрымаць свайго калегу Паўла Палейчыка. Тады абодва медыка былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту на 7 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – за сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім.

Затрыманне Алега Краўцова ў судзе
Затрыманне Алега Краўцова ў судзе. Фота з сайта "Радыё Свабода"

Гэта былі адныя з першых затрыманняў на пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Тады салідарныя беларусы за некалькі дзён сабралі для фельчараў з Ліды 20 тысяч рублёў. 

Падтрымаць Алега Аляксандравіча Краўцова можна па адрасе: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірова, 1.

Крыніца: Фельдчара з Ліды Алега Краўцова асудзілі на тры гады пазбаўлення волі