Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Да журналіста Дзмітрыя Яненкі раніцай прыйшлі сілавікі. Жонцы журналіста паведамілі, што яго павязлі у ГУУС Мінгарвыканкама у сувязі з падатковай праверкай дзейнасці інфармагенцыі БелаПАН, — паведаміла "Беларускай асацыяцыі журналістаў" яго жонка. Гендырэктарка БелаПАНу Ірына Леўшына ўдакладніла, штоДзмітрыя Яненку не затрымалі, ён на апытванні. З ягонай кватэры нічога не забралі.
Брэст
Сёння ў Брэсце быў затрыманы актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Андрэй Шарэнда. Вядома, што яго павезлі на допыт. У сувязі з якой справай праводзіцаа допыт, актывіст не паспеў паведаміць.
Андрэй Шарэнда знаходзіцца ў статусе падазраванага па крымінальных справах па артыкуле 361 КК РБ (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і 368 КК РБ (Абраза прэзідэнта). Жонка Андрэя - актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана трэцяга студзеня па крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Цяпер знаходзіцца ў СІЗА-7, сёмага чэрвеня над ёй пачынаецца суд.
Магілёў
Праваабаронцу "Вясны" Барыса Бухеля выклікалі ў абласное ўпраўленне Следчага камітэта крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле 188 КК РБ (Паклёп). Ён праходзіць па справе ў якасці сведкі, піша тэлеграм-канал валанцёраў-праваабаронцаў Mayday.
У дачыненні да каго быў паклёп і ў чым яна заключаецца, Бухелю не паведамілі, заявіўшы, што ён даведаецца пра ўсё ўжо на допыце. З'явіцца ў СК праваабаронца павінен 31 траўня.
Гэта ўжо другая крымінальная справа за апошнія некалькі месяцаў, з-за якога Бухеля выклікаюць у СК. У лютым у праваабаронцы прайшоў ператрус у межах крымінальнай справы супраць праваабарончага цэнтра "Вясна" (нібыта за арганізацыю і фінансаванне пратэстаў, арт. 342 КК РБ).
Будзе дапаўняцца