Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае 28 траўня збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Тром палітзняволеным фігурантам па "справе TUT.BY" прад'яўленыя абвінавачванні. Пра астатніх супрацоўнікаў TUT.BY пакуль няма інфармацыі. Абвінавачванні прад'яўленыя галоўнай бухгалтарцы "ТУТ БАЙ медыя" Анжэле Асад, а таксама менеджарцы праекта TAM.BY Дар'і Данілавай, паведамляе ў Facebook сузаснавальнік TUT.BY Кірыл Валошын. Вядома, што Юліі Чарняўскай, удаве Юрыя Зісера, таксама прад'яўленае абвінавачванне. Пра гэта напісала ў Facebook яе дачка Яўгенія.

Інфармацыі аб статусе астатніх супрацоўнікаў TUT.BY пакуль няма, бо адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Калі па заканчэнні 10 сутак з моманту затрымання яны не выйдуць на волю, гэта будзе азначаць, што ім таксама прад'яўленыя абвінавачванні і абраная мера стрымання тэрмінам на два месяцы, піша сам TUT.BY.

Дакладнай інфармацыі аб тым, якія менавіта абвінавачванні прад'яўленыя супрацоўнікам кампаніі, няма. Аднак Камітэт дзяржкантролю 18 траўня заяўляў, што крымінальная справа заведзеная ў дачыненні да службовых асоб «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» па артыкуле ч. 2 арт. 243 КК Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў). Гэты артыкул аднесены да катэгорыі цяжкіх злачынстваў, максімальны тэрмін утрымання пад вартай да суда можа складаць паўтара года.

У Нацыянальным аэрапорце Мінска быў затрыманы Антон Гарох. Як стала вядома "Вясне", у машыне мужчыны вісеў БЧБ-сцяжок. Калі яго машына стаяла на паркоўцы аэрапорта, то "неабыякавы грамадзянін", убачыўшы сцяжок, выклікаў міліцыю. Антона затрымалі. Верагодна, над ім адбудзецца суд за несанкцыянаванае пікетаванне па арт. 24.23 КаАП.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Абвінавачванні па "справе TUT.BY" і затрыманне на паркоўцы аэрапорта. Хроніка пераследу 28 траўня Дапоўнена