Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае 21 траўня збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Адвакатка Рамана Пратасевіча падала ў Генпракуратуру скаргу, у якой патрабуе сустрэчы і медыцынскага агляду палітвязня.
У скарзе Інэса Аленская напісала, што ўжо два дні не можа трапіць да падабароннага, і просіць прыняць захады пракурорскага рэагавання.
Адно хадайніцтва юрыстка падала ва ўпраўленне Следчага камітэту Мінску, другое — факсам у Камітэт дзяржбяспекі, паведамляе Радыё Свабода.
Віцебск
У Віцебску ў чарговы раз затрыманы актывіст Барыс Хамайда.
Штодня ў цэнтры гораду ён распаўсюджвае беларускую літаратуру, газеты і часопісы, піша Белсат.
Барысаў
Сёння раніцай у Барысаве затрыманы Аляксей Кандратовіч. Да яго прыехалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку з Мінска. Пакуль ягонае месцазнаходжанне невядомае.
Рэчыца
Прадпрымальніка з Рэчыцы Дзяніса Шылянка затрымалі сёння ў Гомелі. На 9 гадзін раніцы 27 траўня яго выклікалі ў Рэчыцкі РАУС нібыта для азнаямлення з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні за дробнае хуліганства.
27 траўня зраніцы Дзянісу патрэбна было па справах паехаць у Гомель. Ён паехаў туды з сябрамі, якія папрасілі яго папутна падвезці, каб вырашыць нейкія пытанні. А 10-й гадзіне раніцы Дзяніс паспеў паведаміць Палескай Вясне: «Забралі ў Гомелі. Сяджу ў Цэнтральным РАУС».
Інфармацыя будзе дапаўняцца.