Ірына Барздова. Фота: Белсат. У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 26 траўня вынесены прысуд Ірыне Барздовай, якую абвінавацілі ў абразе супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). 

Справу разглядаў суддзя Васіль Галкоўскі.

Пацярпелыя – намеснік начальніка аддзела міліцыі Ленінскага раёна Бабруйска, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Сябецкі і начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама Сяргей Рудзько.

Па матэрыялах следства, Барздова ў кастрычніку мінулага года ў адным з тэлеграм-каналаў эмацыйна выказалася пад запісам пра двух знаёмых міліцыянтаў. Праз некалькі дзён да жанчыны прыйшлі з ператрусам і паведамілі, што супраць яе распачалі крымінальную справу.

Дзве тысячы рублёў за каментар у Telegram патрабуюць міліцыянты ад маці ў дэкрэце

Абодвух міліцыянтаў яна ведала раней са станоўчага боку, а тут убачыла, што пра іх паўсюль пішуць у негатыўным ключы, праз што расчаравалася ў іх, была закранутая і не змагла прайсці міма.

У судзе Ірына Барздова пацвердзіла, што напісала той каментар, але зазначыла, што не лічыць яго абразлівым. Жанчына патлумачыла, што не мела на мэце некага прынізіць, а выказалася эмацыйна.

Сёння суддзя Галкоўскі вынес прысуд: Барздову прызнаць вінаватай і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Апроч гэтага абвінавачаная павінна аплаціць кампенсацыю маральнай шкоды Сябецкаму і Рудзько па 800 рублёў кожнаму.

Крыніца: Прысуд за абразу супрацоўнікаў міліцыі - на гэты раз у Бабруйску