У  судзе Маскоўскага раёна Берасця 19 траўня працягваецца разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Уладзіміра Шурубейкі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае суддзя Яўген Брэган, дзяржабвінаваўца Дзягель.

Паводле версіі следства, 22 верасня 2020 года Уладзімір Шурубейка ў адкрытым viber-чаце "Вычулкі.Ямна", "з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіраванню" размясціў паведамленне ў дачыненні да супрацоўніка органаў дзяржбяспекі Сямёнава Дзяніса, якое змяшчае ў сабе негатыўную ацэнку асобы, а менавіта назваў яго "сцыкло, чмо і ныцік".

Як патлумачыў абвінавачаны, Сямёнава ён ведаў асабіста: разам служылі 4-5 тыдняў у войску (пакуль будучы супрацоўнік КДБ не дэмабілізаваўся). Але затым на працягу 15 гадоў Шурубейка наогул не атрымліваў ніякіх навін з нагоды лёсу Сямёнава, аж да восені 2020 года.

А 22 верасня ў вайберы Уладзімір убачыў 2 рэпосты з групы "Карнікі Беларусі", у адным з якіх гаворка вялася пра Сямёнава. Раней былі паведамленні пра тое, што ў раёне сталі знікаць жывёлы, застрэлілі ката — і нехта напісаў, маўляў, гэтыя супрацоўнікі на іх "пераключыліся". Пракаментаваў гэтыя здагадкі і сам Уладзімір: з яго слоў, ён хацеў апраўдаць Сямёнава, што той не мог быць датычны да працы ў органах у сілу сваіх характарыстык. Акрамя таго, абвінавачаны падкрэсліў, што ў сваім паведамленні ў чаце не сцвярджаў чаго-небудзь пра Сямёнава сённяшнім (які з'яўляецца супрацоўнікам КДБ), але пісаў якім той быў у войску.

Судова-лінгвістычная экспертыза па крымінальнай справе заключыла, што выказванне Шурубейкі ў чаце ўтрымлівала негатыўную ацэнку асобы Сямёнава.

На першым пасяджэнні, 7 траўня, пракурор Дзягель дапытаў абвінавачанага.

- Чаму інфармацыя аб тым, што ён [Сямёнаў] — супрацоўнік КДБ, нейкай неймавернай для Вас падалася?

Абвінавачаны растлумачыў:

- Таму, што я з ім служыў у войску, і сам хацеў ісці далей у органы МУС. Са сваёй фізічнай формай, падрыхтоўкай я не прайшоў тэсты. А Сямёнаў, які  быў значна слабейшым за мяне, ніжэйшы ростам, прайшоў.

Пракурор пытаецца, што за выраз сцыкло:

 - Ён што, баязлівец, ці што? У чым гэта праяўлялася? Чаго вы яго называеце баязліўцам фактычна? Вы ў сітуацыі былі такой, што ведаеце, што ён такі?

Сёння, 19 траўня, у працэсе вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы. Таксама да справы далучана хадайніцтва Сямёнава аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры  2 500 рублёў.

Чакаецца, што прысуд будзе абвешчаны 20 траўня.

Крыніца: Судзяць берасцейца, які абразіў у Вайберы супрацоўніка КДБ