На старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку складзены пратакол паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Падставай для складання пратаколу стаў удзел палітыку ў зборы подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча.
Як адзначае Лябедзька ў Фэйсбуку, з часоў Маршу недармаеўдаў у сакавіку, ён не прымаў удзел у вулічных акцыях пратэсту, але гэта не перашкодзіла міліцыянтамі скласці на яго пратакол за несанкцыянаванае вулічнае мерапрыемства.
«Збор подпісаў за адстаўку міністра абароны, які, безумоўна, нясе маральную і палітычную адказнасць за серыю смерцяў вайскоўцаў, прыраўнялі да несанкцыянаванага пікету», – кажа ён.
Апазіцыйныя актывісты збіралі подпісы на вуліцах Менску ў кастрычніку.
Паводле http://belsat.eu, пратакол на Лебедзьку быў складзены старшым інспектарам Савецкага РАУС Дзмітрыем Белым. Калі будзе суд - пакуль невядома.
Крыніца: На Анатоля Лябедзьку, які збіраў подпісы за адстаўку міністра абароны, склалі пратакол