Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце Суд Брэсцкага раёна 7 траўня пачынае разглядаць "карагодную" крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 12 берасцеўцаў за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. На лаве падсудных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт. У гэты раз судзяць таксама трох палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7: 46-гадовага Рамана Яхіна, 34-гадовую Вольгу Глушань і 19-гадовага Арсенія Сіняка. Разглядае справу старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак. Колькасць абвінавачаных па "справе карагодаў" дасягае больш за 70 чалавек, асуджаныя ўжо 46 чалавек — гэта адна з самых масавых "палітычных справаў" у Беларусі.

Каго судзяць у гэты раз?

На гэты раз на лаве падсудных — Раман Дзямідовіч, Марына Дарашук, Вікторыя Каральчук, Алеся Крамчаніна, муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко, Святлана Марчук, пружанскі паэт і пчаляр Мікалай Папека, палітзняволены сын і бацька Арсеній і Яўген Сінякі, палітзняволеныя 46-гадовы Раман Яхін і 34-гадовая Вольга Глушань.

Пад крымінальны пераслед трапіла маладая сям'я

Сярод падазраваных "па справе карагодаў" — 32-гадовыя муж і жонка з Брэста Андрэй і Паліна Ляшко.

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час прыйшлося зачыніцца трох ларка і рэстарана KFC. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк". Абвінавачванне прад'яўленае па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

ІНФАРМАЦЫЯ ДАПАЎНЯЕЦЦА.

Асудзілі ўжо 46 чалавек. Як караюць па гэтай справе іншых? 

Па гэтай справе адбыліся ўжо два суды, агулам асудзілі 18 чалавек, дваіх нават адправілі ў калонію. Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай "справе карагодаў". Суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку:

  • Ярашук Яраслаў, Марына Глазава – 1,5 года абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія")
  • Варановіч Вадзім, Жараў Максім – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
  • Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай – 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
  • Сірэцан Марына – 1 год абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія").

Суд Ленінскага раёна Брэста 15 сакавіка вынес прысуды другой партыі. Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў адразу восем чалавек, прызначыўшы ім пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года і 8 месяцаў калоніі:

  • Дзмітрый Буневіч – 1 год і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
  • Аляксей Арцецкі – 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму;
  • Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух – 2 гады "хіміі";
  • Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік – 1,5 гады "хіміі";
  • Генадзь Місюта – 1,5 гады хатняй хіміі.

Суд Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня асудзіў яшчэ 14 фігурантаў па "справе карагодаў". Суддзя Іна Клышпач прызнала ўсіх вінаватымі і прызначыла пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года калоніі:

  • палітзняволены грамадзянін Расіі Даніла Чамаданаў — 1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму (цяпер знаходзіцца ў СІЗА-7);
  • мясцовая актывістка Алена Гнаук, Марыя Скакавец і Васіль Чарнецкі — 2 года "хатняй хіміі";
  • Віктар Лабко, Сяргей Наліўка і Кірыл Луд, студэнты Уладзіслаў Навіцкі і Радзівон Кандрацюк — 2 гады "хіміі";
  • Вікторыя і Алена Лысковіч (маці і дачка) — 1,5 "хіміі";
  • лекар Юрый Чубрык, Валянціна Жукоўска, маці чатырох дзяцей Людміла Луцкая — 1,5 "хатняй хіміі".

У выніку, брэсцкія суды ўжо ацанілі святочны карагод 13 верасня ў цэнтры горада ў 4 гады і 3 месяцы калоніі, 33 гады "хіміі", 16 гадоў "хатняй хіміі" на 46 чалавек. 

Крыніца: Тры палітвязні, пружанскі паэт і дзве сям'і. У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 фігурантаў "справы карагодаў"