Пракуратура не знайшла парушэнняў у дзеяннях міліцыянтаў пры затрыманні Алы Гуцавай, калі тая раздавала грамадзянам запрашэнні на дазволеную ўладамі мірную акцыю ўшанавання памяці продкаў “Дзяды”, што адбылася 5 лістапада.
Актывістка Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі – БНФ 3 лістапада раздавала ўлёткі з запрашэннем на мерапрыемства недалека ад ст. м. “Магілёўская”. Неўзабаве да яе падыйшлі міліцыянеры і запрасілі прайсці ў пакой міліцыі пры станцыі для разбіральніцтва. Ала Гуцава патлумачыла, што раздавала запрашэнні на санкцыянаванае Мінгарвыканкамам масавае мерапрыемства і нават паказала копію адпаведнага рашэння гарадскіх уладаў. Аднак, гэта не спыніла супрацоўнікаў міліцыі і яны склалі на жанчыну пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 1 арт. 23.34 КаАП ("парушэння правілаў парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства) ды сканфіскавалі каля тысячы запрашэнняў. Алу Гуцаву пратрымалі ў пакоі міліцыі каля дзвюх гадзінаў, пасля чаго адпусцілі і паабяцалі патэлефанаваць ёй пазней - пасля правядзення праверкі.
Актывістка КХП-БНФ палічыла, што сваімі дзеяннямі супрацоўнікамі міліцыі парушылі яе законные правы, распачаўшы адміністрацыйны працэс супраць яе.
Яна звярнулася ў пракуратуру, якую папрасіла правесці праверку, спыніць адміністрацыйную справу, вярнуць канфіскаваныя ўлёткі і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэнні яе правоў міліцыянераў.
“Згодна з ч. 1 арт. 23.34 КаАП удзельнікі масавага мерапрыемства не маюць права публічна заклікаць да арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленнага парадку яго арганізацыі і правядзення. Аднак, рашэннем Мінгарвыканкама было дазволена правядзенне масавага мерапрыемства (дэманстрацыі) 5 лістапада з 11.30 да 15.30 у Мінску. Такім чынам, я запрашала грамадзянаў прыняць удзел у масавым мерапрыемстве, арганізацыя і правядзенне якога, адпавядае патрабаванням дзеючага заканадаўства.
Сваімі дзеяннямі супрацоўнікі міліцыі ажыцявілі перашкоду ў рэалізацыі мной права на свабоду мірных сходаў, гарантаванага мне як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і нормамі міжнароднага права”, - адзначыла ў сваёй скарзе Ала Гуцава.
Аднак, пракуратура Заводскага раёна г. Мінска, разгледзеўшы скаргу Алы Гуцавай, не знайшла парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутранных спраў, а таксама падставаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання. Пракурор А. Млявы адзначыў, што ў цяперашні час падрыхтоўка справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да жанчыны праводзіцца супрацоўнікамі упраўлення ўнутраных спраў Заводскага раёна г. Мінска. Верагодна, Алу Гуцаву будуць судзіць.
Крыніца: Пракуратура заплюшчыла вочы на беспадстаўную канфіскацыю запрашэнняў на "Дзяды"