Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Берасце
Паліне Шарэндзе-Панасюк выставілі абвінавачванне. Пра гэта паведамляе ў тэлеграм-канале "Берасцейская Вясна".
Берасцейку, якая ўжо больш за 4 месяцы перабывае ў СІЗА № 7, вінавацяць у абразе прэзідэнта, абразе прадстаўніка ўлады ды гвалце або пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні міліцыянта.
«Пакуль добрых навінаў ад Паліны няма. Учора выявілася, што яна зноў змешчаная ў карцар – у чарговы раз яе туды накіравалі на 10 содняў. Таксама Паліна пастаўлена на прафілактычны ўлік, як асоба, схільная да экстрэмізму. Паколькі Паліна не супрацоўнічае са следствам і адміністрацыяй СІЗА, на яе аказваецца псіхалагічны і фізічны ціск. Я лічу, што існуе непасрэдная пагроза здароўю і жыццю маёй жонкі, і хачу звярнуцца да грамадскасці з тым, што ў СІЗА №7 катуюць вязняў. Аб гэтым ужо заяўляла сама Паліна, і ёй за гэта помсцяць», – сказаў у размове з «Белсатам» муж Паліны Андрэй Шарэнда.
Нагадаем, што на Андрэя таксама распачалі крымінальную справу нібыта за абразу прэзідэнта. Адзначым, што маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей дагэтуль не прызналі палітзняволенай.
Баранавічы
Працягваецца ціск на Баранавіцкае незалежнае выданне Intex-press пасля публікацыі інтэрв'ю з экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай.
4 траўня рэдакцыя Intex-press атрымала пісьмовае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Яно прыйшло па электроннай пошце. У дакуменце гаворыцца, што рашэннем суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай, апублікаванае ў газеце 14 красавіка, прызнанае экстрэмісцкім, у сувязі з чым Мінінфарм «папярэджвае юрыдычную асобу, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі газеты Intex-press, ТАА "Выдавецкі дом" Інтэкс-прэс", аб недапушчальнасці парушэння патрабаванняў артыкула 38 "Закона аб СМІ" і паведамляе, што "дапушчаныя парушэнні неабходна ліквідаваць" і паведаміць пра гэта міністэрства да 14 траўня, піша сайт БАЖа.
Таксама 4 мая рэдакцыя атрымала ліст ад дырэктара Брэсцкага філіяла ТРУП "Белсаюздрук" Таццяны Зіневіч. У ім гаворыцца, што з 5 мая 2021 года прадпрыемства «адмаўляецца ад выканання дагаворных абавязацельстваў у аднабаковым парадку». У рэдакцыі кажуць, што будуць абскарджваць гэта рашэнне Брэсцкага філіяла «Белсаюздруку».
Мазыр
У Мазыры супрацоўнікамі ГУБАЗіК затрыманыя дзесяць актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў у горадзе ў жніўні мінулага года. Па папярэдняй інфармацыі, усе яны з’яўляюцца фанатамі футбольнага клуба “Славія”.
Стала вядома, што затрыманага ў Мазыры 4 траўня Данілу Кіпальскага падазраюць па ч.1 арт.342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У яго правялі вобшук, але ў выніку нічога не вынялі. Але пры гэтым, фатаграфавалі спартыўную атрыбутыку, шалікі "Славіі".
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Крыніца: Затрыманне Ніны Багінскай, : хроніка палітычнага пераследу 5 траўня