Выступаючы 30 лістапада на сумесным паседжаньні абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу, віцэ-прэмʼер Міхаіл Русы заявіў, што за «народную ўборку лёну» ў Гомельскай вобласьці шэраг чыноўнікаў страцілі свае пасады, піша Свабода.
Агенцтва БелаПАН са спасылкай на намесьніка старшыні ўраду Міхаіла Русага паведамляе, што рашэньне закранула чыноўнікаў Міністэрства сельскай гаспадаркі, Гомельскага аблвыканкаму і рэгіянальнага камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні.
Свабода пісала, што сёлета ў Гомельскай вобласьці спазьніліся з уборкай лёну. У выніку да сельскагаспадарчых працаў былі прыцягнутыя каля 2 тысяч чалавек — настаўнікі, студэнты, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый.
За гэта звольнены старшыня камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Гомельскага аблвыканкаму Дзьмітры Петражыцкі. Ад 30 лістапада абавязкі кіраўніка выконвае Сяргей Андруш, які раней быў намесьнікам старшыні.
«Таксама вызвалены ад пасадаў цэлы шэраг кіраўнікоў: першы намесьнік старшыні Гомельскага выканкаму, старшыня камітэту па сельскай гаспадарцы, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі — два начальнікі ўпраўленьня. Парадак жорсткі наводзіцца», — сказаў віцэ-прэмʼер.
На прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 15 лістапада міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц назваў сытуацыю «недапрацоўкай мясцовых органаў улады» і паведаміў, што прэзыдэнт «вельмі рэзка адрэагаваў, даручыўшы пакараць вінаватых за «дзеяньні і бязьдзейнасьць», а таксама перадаць матэрыялы ў пракуратуру для прававой ацэнкі.
Крыніца: За прымусовую ўборку лёну на Гомельшчыне звольнілі 5 чыноўнікаў