Суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Гомелі 12 красавіка. 27 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёну адбыліся судовыя спрэчкі па крымінальнай справе ў дачыненні давераных асоб Святланы Ціханоўскай — Таццяны Канеўскай, Юрыя Ўласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і планах па «захопе будынкаў».

Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Дзяржаўныя абвінаваўцы на працэсе - Мікушаў і Астапенка. 

У дачыненні да палітвязняў Таццяны Канеўскай, Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна ўзбуджаныя крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках) і па артыкуле 292 Крымінальнага кодэксу - «захоп будынкаў», а  Юрый Уласаў дадаткова абвінавачваецца ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (частка 1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу).

Пракурор Дзяніс Мікушаў выказаўся, што віна чатырох жыхароў Гомля даказана цалкам. Ён запатрабаваў пакараць Юрыя Ўласава — 6 з паловай гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Канеўскую, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Падрабязнасці паведамляе Радыё Свабода.

Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачанне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і на відэа, з якога вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы былі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей 9 жніўня і пасля выбараў.

Адвакаты звярталі ўвагу, што няма доказаў абвінавачаньня ў частцы таго, што абвінавачаныя «спрабавалі вербаваць былых сілавікоў», «планавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі». Калі яны размаўлялі з Ціханоўскай пра грошы, то гаворка ішла пра фінансаванне цалкам легальнага пікету, заплянаванага на 7 жніўня.

Суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Ціханоўскай: абвінавачваныя скардяцца на фізічны і маральны ціск

Абвінавачаныя адмаўляюць, што збіраліся рэалізаваць нейкі сілавы варыянт. Што тычыцца просьбаў фінансавання ў Ціханоўскай, то грошы ім былі патрэбны на калонкі, мегафоны і гэтак далей, бо 7 жніўня давераныя асобы плянавалі правесці ў Гомлі вялікі агітацыйны пікет.

Таццяна Канеўская ў апошнім слове дзякавала ўсім людзям, якія пісалі ёй лісты, у тым ліку з-за мяжы. Яна атрымала каля тысячы лістоў. Яна казала, што ў яе дзеяннях няма складу злачынства, ніхто не планаваў захоп будынкаў, а справа — палітычна матываваная і не абгрунтаваная доказамі. Канеўская пажадала суддзі «сілы, мужнасці і цярпеньня», каб вынесці справядлівы прысуд.

Юры Ўласаў у апошнім слове казаў, што ўсе яго дзеянні не былі злачынствам, а былі накіраваныя толькі на карысць народу.

Прысуд будзе агучаны 3 траўня.

Крыніца: Пракурор просіць па 6 і 6 з паловай гадоў для давераных асоб Ціханоўскай з Гомеля