Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Грамадзянаў забіраюць з дома, затрымліваюць на дваравых маршах і нават у прыватнай лазні, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Жодзіна
Увечары 24 красавіка ў Жодзіне было затрымана 20 чалавек. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў прыватную лазню, дзе 13 жанчын і 7 мужчын нібыта праводзілі “несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”. Усіх прысутных затрымалі і даставілі ў РУУС, дзе на іх склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП.
“Да прыватнай лазні ў прыгарадзе прыехалі 4 бусы з АМАПам, якога ў Жодзіна ў прынцыпе няма. На месцы адразу з'явіўся начальнік міліцыі Трацюк і ягоны намеснік Мурашкін”, - паведамляюць чытачы тэлеграм “Белсату”.
Наваполацк
24 красавіка пасля начной змены на прахадной наваполацкага заводу «Нафтан» быў затрыманы намеснік старшыні першаснай арганізацыі працаўнікоў прадпрыемства Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) Максім Шчуплянкоў. Пра гэта паведамілі сябры прафсаюзу на старонцы ў Фэйсбуку «Стачком ОАО «Нафтан».
Як паведамляецца, у Максіма Шчуплянкова заблакавалі пропуск, а пасля затрымання адвезлі ў ГАУС Наваполацку, дзе на актывіста склалі пратакол за абразу ахоўнікаў. Інцыдэнт з ахоўнікамі, якія напісалі заявы ў міліцыю, адбыўся яшчэ 21 сакавіка. Як сцвярджаецца ў паведамленні, Шчуплянкоў ужо быў асуджаны за гэтае правапарушэнне на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
Мінск
Праваабаронцам “Вясны” стала вядома, што яшчэ раніцай 23 красавіка ў сваёй кватэры ў Мінску быў затрыманы Арцём Чалапа. Сілавікі ўзламалі дзверы, правялі ператрус паводле пастановы па справе аб масавых беспарадках, канфіскавалі нацыянальную сімволіку, камп’ютарную тэхніку. Разам з Арцёмам была затрыманая яго маці – Ірына Чалапа, нібыта за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі. Затрыманых даставілі ў Маскоўскі РУУС, але з той пары невядома, дзе яны знаходзяцца.
Інфармацыя будзе дапаўняцца
Крыніца: Цяпер затрымліваюць нават у лазні! Хроніка палітычныга пераследу 24-25 красавіка