Алег Корбан. Суд  Маскоўскага раёна Мінска 23 красавіка вынес прысуд па  крымінальнай справе лідара грамадскай ініцыятывы "Альтэрнатыва" Алега Корбана. Яго абвінавачвалі па частцы 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Справу разглядала суддзя Вольга Малашэнка.

Палітвязень Алег Корбан быў затрыманы пасля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку яму прысудзілі 15-суткавы адміністрацыйны арышт па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а пасля яго заканчэння перавялі ў СІЗА-1.

Суддзя Малашэнка на першым судовым пасяджэнні пастанавіла, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Вечарам 23 красавіка Алег Корбан напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

“Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду! Суд вынес 1,5 года абмежавання волі. Падрабязнасці будуць пазней, зараз пачынаю адаптавацца да вашай свабоды.

 P.S. Усім хто падтрымліваў мяне і маю сям'ю - вялікая падзяка.”

Суд над лідарам “Альтэрнатывы” Алегам Корбанам праходзіць у закрытым рэжыме

Алег Корбан нарадзіўся 4 лютага 1985 года. Быў у “Маладым фронце”, затым у АГП. З’яўляўся намеснікам старшыні Менскай гарадской арганізацыі АГП. Займаў пасаду старшыні Мінскага гарадскога аддзялення арганізацыі “Маладыя дэмакраты”.

Крыніца: Алег Корбан: Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду!