У адносінах да жыхара Бялыніцкага раёна Л. была ўзбуджаная крымінальная справа за тое, што ён публічна абразіў дзеючага кіраўніка краіны, пакінуўшы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” зневажальны і дыскрэдытуючы пост, піша 6tv.by. Як паведаміла пракуратура Бялыніцкага раёна, на судзе мужчына растлумачыў, што да размяшчэння запісу “Укантакце”, ён прачытаў артыкул пра Лукашэнку і каментарыі іншых карыстальнікаў у групах у “Тэлеграме”. Мужчына паддаўся эмоцыям і пакінуў сваё абразлівае меркаванне ў адрас кіраўніка дзяржавы, размясціўшы калаж, створаны пры дапамозе фоташопа, на сцяне старонкі “Укантакце”.

На судзе грамадзянін Л. прызнаў, што сваімі дзеяннямі публічна абразіў кіраўніка краіны, паведамілі прадстаўнікі пракуратуры Бялыніцакага раёна на старонках газеты “Зара над Друццю”.

За публічную абразу дзеючага кіраўніка краіны суд прыгаварыў мужчыну да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэлефон, з якога грамадзянін размяшчаў свой пост, канфіскаваны ў даход дзяржавы.

6tv.by нагадвае, што ў Бялынічах раней быў затрыманы за абразу супрацоўніка АМАПу адзін з мясцовых прадпрымальнікаў. Пазней хлопца адпусцілі, аднак у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа. Ужо ў хуткім часе яна павінна разглядацца ў судзе.

Крыніца: У Бялынічах мужчыну пакаралі годам “хіміі” за абразу Лукашэнкі