Пасля выбараў заведзена больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. Спіс палітзняволеных павялічваецца амаль штодзённа. За час пратэстаў дасылаць лісты салідарнасці палітвязням і насіць перадачы затрыманым у ізалятары стала нашай штодзённасцю. Вынаходлівыя беларусы і беларускі прыдумалі шмат спосабаў падтрымкі тых, хто знаходзіцца за кратамі. Адпраўка тэлеграмы ў зняволенне з дому, грашовы перавод на турэмную краму праз інтэрнэт-банкінг, дапамога замовіць кнігі вязню з бібліятэкі СІЗА ці нават з бліжэйшай кніжнай крамы і многае іншае  «Вясна» сабрала магчымыя спосабы дапамогі палітычным зняволеным у адным матэрыяле. Самы просты і даступны спосаб сувязі з палітзняволеным — гэта ліставанне. Самі палітвязні адзначаюць вялікую ролю лістоў і паштовак салідарнасці за кратамі. У месцах зняволення, як правіла, на палітвязняў ідзе маральны ціск, што яны нібыта былі не правы і на волі пра іх усе забыліся. Гэта можа прыгнятаць людзей. Лісты ў такой сітуацыі вельмі дапамагаюць. Тым больш, што ў канверт можна ўкласці канверты, маркі, каляровыя і звычайныя лісты, паштоўкі-размалёўкіналепкі (гэта асабліва каштоўна), каляндарык, размалёўкі, малюнкі, квізы, віктарыны і многае іншае.

solidarity_art_0.jpg
Крыніца: boredpanda.com

Пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць

Лісты беларускім вязням прыходзяць нават з-за мяжы, але, калі вы хочаце атрымаць адказ, то трэба ўкласці спецыяльную марку (міжнародную, набытую ў Беларусі), каб палітвязень змог адправіць вам ліст. Напрыклад, 21-гадовы палітзняволены Антон Лакішык у бабруйскай калоніі атрымлівае лісты з Польшчы, Літвы, але, на жаль, адказаць на іх не можа, бо не мае адпаведнай маркі.

Падтрымаць словам зняволеных можна і анлайн: запоўніце форму, напішыце некалькі пажаданняў, а каманда Майстэрні паштовак ад Беларускай праваабарончай школы падпіша паштоўку і дашле вязням. Зрабіць гэта можна ТУТ. Таксама анлайн ліст можна даслаць з дапамогай сайтаў vkletochku.org і письмо.бел.

СПІС ПАЛІТВЯЗНЯЎ З АДРАСАМІ, БІЯГРАФІЯМІ

Вось у гэтым матэрыяле мы распавядалі, як пісаць лісты ў месцы зняволення, якія ёсць асаблівасці і лайфхакі:

"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

Мы падрыхтавалі інструкцыю, як пісаць лісты ў месцы зняволення, якія ёсць асаблівасці і лайфхакі.

Дашлі тэлеграму, толькі не забудзь падпісацца ў тэксце   

solidarity_art_904.jpg
Калаж з ліста Марыі Калеснікавай. Аўтарка: @ritabardak

Яшчэ адзін хуткі і даступны спосаб падтрымаць палітвязня — адправіць тэлеграму. Зрабіць гэта можна на пошце ці нават не выходзячы з дому, пазваніўшы на гарадскі нумар 166 (з 07.00 да 22.00). У адрозненні ад лістоў, тэлеграмы даходзяць вельмі хутка. Напрыклад, першую вестку з волі, якую атрымала палітзняволеная маці пецярых дзяцей Вольга Залатар — гэта менавіта дзве тэлеграмы.

Калі хочаце, каб вязень дазнаўся, хто адправіў вестку, то абавязкова падпішыцеся ў самім тэксце тэлеграмы.

Зрабі грашовы перавод на рахунак палітвязня — можна нават праз інтэрнэт-банкінг

Падтрымаць вязня можна грашовым пераводам. Грошы будуць пералічвацца на спецыяльны рахунак зняволенага. На атрыманыя грошы ён зможа замовіць у турэмнай краме прадукты харчавання, прадметы першай неабходнасці, прысмакі, канверты, паперу і іншыя неабходныя яму рэчы. Грошы даходзяць на працягу некалькіх сутак. Зняволены атрымлівае бланк пераводу, распісваецца ў ім і з таго моманту можа выкарыстоўваць гэтыя грошы пры атаварцы.

Сума, якая можа знаходзіцца на рахунку затрыманага ў ізалятары і якую можна выкарыстоўваць, не абмежаваная. Пры пераводзе ў іншы ізалятар сума на рахунку пераходзіць разам з чалавекам.

Вязень будзе ведаць, хто падтрымаў яго, бо пры пераводзе грошай пазначаюцца рэквізіты адпраўшчыка. Зрабіць гэта можна двума спосабамі: на пошце і праз інтэрнэт-банкінг. Паштовыя пераводы вязням можна зрабіць у любым паштовым аддзяленні, але там бяруць камісію 3% ад сумы (не менш за 1 руб. з кожнага пераводу). Грашовыя пераводы вязням праз інтэрнэт-банкінг можна дасылаць ва ўсе калоніі і СІЗА, акрамя СІЗА-1 на Валадарскага. У СІЗА-1 пераводы дасылаюцца толькі з пошты. 

Як зрабіць грашовы перавод праз інтэрнэт-банкінг:

  • Адвольны плацёж\произвольный платеж
  • Далей — рэквізіты для дадзенага СІЗА ці калоніі.
  • Прызначэнне плацяжа: для асабістых патрэбаў зняволенага\для личных нужд заключенного
  • Далей — асабістыя дадзеныя вязня (ІМЯ, ІМЯ ПА БАЦЬКУ (калі ведаеце), ПРОЗВІШЧА)

«Радыё Свабода» сабрала рэквізіты некаторых СІЗА, турмаў і калоній:

Адпраў пасылку ці бандэроль, а перадачы абавязкова ўзгадняй са сваякамі палітвязняў

Перадачы для затрыманых у ізалятары могуць перадавацца любой асобай, якая прад'явіла пашпарт. Але з-за таго, што ўстаноўлены вагавы ліміт перадач (30 кг на месяц), праваабаронцы вельмі просяць каардынавацца са сваякамі. На практыцы здараецца, што сваякі не могуць перадаць сваім блізкім тое, што ім сапраўды патрэбна і аб чым яны самі прасілі. Таму ўсе перадачы папярэдне ўзгадняйце з роднымі палітвязняў, самімі вязнямі ці валанцёрамі. Лепей напрамую дапамагчы сваякам і блізкім сабраць перадачу затрыманым, таму што на перадачкі ў сем'яў сыходзіць шмат грошай.

Пры гэтым, палітзняволеныя, суд над якімі яшчэ не адбыўся і прысуд не ўступіў у сілу, маюць права атрымліваць бандэролі і пасылкі ў неабмежаваных колькасцях. Таму можна радаваць палітзняволеных такім спосабам, улічваючы шэраг абмежаванняў (напрыклад, нельга пасылаць кнігі і прадукты, якія хутка псуюцца).

Падпішы палітвязня на газеты і часопісы  

solidarity_art_r67.jpg
"Шмат добрых людзей загадалі адно жаданне". Аўтарка: Ірына Бельская

Каб вязень за кратамі карысна праводзіў час, яго можна падпісаць на шэраг газет, часопісаў, красвордаў і іншага. Калі чалавек, напрыклад, цікавіцца архітэктурай ці модай, то яго можна падпісаць на адпаведны часопіс, каб быў у курсе апошніх тэндэнцый. Што тычыцца грамадска-палітычных выданняў, то ў Беларусі цяпер іх можна пералічыць па пальцах. Самая вядомая і жаданая газета для палітвязняў гэта штопятнічная газета «Новы Час». Але рэдакцыя вядомай грамадска-палітычнай газеты сама падпісвае ўсіх палітзняволеных. Таму, перад тым, як падпісаць чалавека на гэтую газету, удакладніце, ці не з'яўляецца ўжо ён яе падпісчыкам.

Падпісны індэкс «Новага Часу» — 63279 (Кошт падпіскі на 1 месяц — 4 рублі 14 капеек).

Таксама вязняў можна падпісаць на рэгіянальныя незалежныя газеты: слуцкі «Кур'ер», маладзечанская «Рэгіянальная газета», «Газета Слонімская» і іншыя. 

Аформіць падпіску на выданне можна двума спосабамі:

  1. У любым паштовым аддзяленні.
  2. Анлайн на сайце Белпошты.

Рэдакцыя газеты «Новы Час» зрабіла пакрокавую інструкцыю, як можна падпісацца на газету анлайн на сайце Белпошты — можна скарыстацца ёй.

Чытаць інструкцыю

Пасля афармлення падпіскі вязню можна адправіць чэк падпіскі, каб ён у выпадку, калі не даходзяць газеты, мог звярнуцца да начальніка ізалятара ці калоніі і прад'явіць чэк.

Звычайнае "Дзякуй!" Адрасна дапамажы сем’ям палітвязняў

Калі чалавек трапляе за краты, то ад гэтага пакутуе ўся яго сям'я. Таму іх нельга пакідаць сам-насам з гэтым цяжарам. Маральная падтрымка, звычайныя размовы — гэта вялікая справа ў падтрымцы палітзняволеных і іх сямей. Пра вашыя пасядзелкі можна потым у лісце самому вязню напісаць і распавесці пра тое, якая цудоўная ў яго сям'я. 

Таксама можаце фінансава ці матэрыяльна дапамагчы сваякам палітзняволеным. Паслугі адвакатаў і перадачы абыходзяцца немалымі грашыма. Таму кантактуйце з сем'ямі вязняў і дапамагайце ім у залежнасці ад іх патрэбаў.

Акрамя таго, можна дапамагчы суполцы сямей палітвязняў. Многія сем'і палітзняволеных камунікуюць паміж сабой і абмяркоўваць розныя актуальныя праблемы і пытанні, дапамагаць адзін аднаму. Нават існуе суполка сем'яў вязняў “Вызваленне-2020”, галоўная мэта якой – накіраваць сумесныя высілкі дзеля вызвалення ўсіх тых, хто апынуўся за кратамі за свае палітычныя погляды. Удзельнікі суполкі заклікаюць родных далучацца да ініцыятывы: гэта можна зрабіць праз Telegram-бот @viazni2020_bot, паведаміўшы прозвішча вашага зняволенага, альбо электронную пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Распавядзі вязню пра магчымасць замаўляць кнігі з крамы

solidarity_art_234.jpg
СІЗА №1. Фота: @alexvdrone

Каб замовіць вязню кнігі, яму неабходна напісаць заяву і мець дастаткова сродкаў на асабістым рахунку. Набываць кнігі могуць асуджаныя, а таксама тыя, хто знаходзяцца ізалятарах. Варыянт дастаўкі кніг вязню рэгулюецца самім вязнем з супрацоўнікамі таго месца, дзе ён утрымліваецца. Каб дапамагчы ў гэтай справе палітвязням, то раздрукуйце і адпраўце яму спіс кніг з "Белкнігі" ці OZ.by. У лісце пазначце усе дадзеныя бліжэйшай крамы, а таксама нормы, якія рэгламентуюць гэтае права.

У адпаведнасці з ч. 1 і ч. 3 арт. 89 Крымінальна-выканаўчага кодэкса асуджанаму дазволена набываць літаратуру праз гандлёвую сетку. Дастаўка кніг не ўваходзіць у колькасць бандэроляў і дробных пакетаў, дазволеных да атрымання. 

Дадатковыя паслугі аплачваюцца за кошт уласных сродкаў асуджаных і прадастаўляюцца па іх заяве на імя начальніка ўстановы. Аплата ажыццяўляецца шляхам пераводу грашовых сродкаў з асабістага рахунку асуджанага ў адрас адпаведнага прадпрыемства, установы ў суме, названай у заяве асуджанага.

У адпаведнасці з артыкула 19 Закона «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай», у вязня ёсць права карыстацца літаратурай з бібліятэкі альбо набытай праз адміністрацыю ў гандлёвай сетцы.

Законам дазволена набываць прадметы, уключаныя ў пералік. Пры адсутнасці прадметаў у краме СІЗА, асоба, якая змяшчаецца пад вартай, выдае даверанасць супрацоўніку СІЗА на атрыманне патрэбнай сумы з асабовага рахунку.

Дапамажы палітвязню выбраць кнігі з бібліятэкі СІЗА

Палітвязні могуць атрымліваць кнігі з бібліятэкі ў СІЗА. Дасылаць кнігі ў пасылках ці ў лістах — нельга, бо не прапусціць цэнзар. Працэс замовы кнігі выглядае так: палітвязень называе кнігу і калі яна ёсць там, яе прынясуць. Пры гэтым, вязням не прадастаўляюць спісы з кнігамі, якія там ёсць. Таму валанцёрамі стварылі спіс кніг, якія ёсць у бібліятэцы ў СІЗА на Валадарскага. Можаце ў сваіх лістах парэкамендаваць нейкія кнігі, якія ёсць у бібліятэцы.

Вось спіс кніг, якія ёсць у бібліятэцы ў СІЗА-1 на Валадарскага: https://telegra.ph/Book-list-Volodarka-02-10

Шар, рэпост! Распаўсюджвай інфармацыю пра палітзняволеных і пра «палітычныя» справы 

Паштоўкі салідарнасці палітвязням. Аўтарка: Маргарыта Ціхановіч
Паштоўкі салідарнасці палітвязням. Аўтарка: Маргарыта Ціхановіч

Беларускія ўлады рознымі спосабамі, часта прадпрымаючы неадэкватныя меры, спрабуюць схаваць інфармацыю пра палітзняволеных, пра тое, як праходзяць суды і іншую інфармацыю, звязаную з пратэстамі. Аднак, згодна артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, грамадзяне маюць права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя. Таму самае малое, што можа зрабіць кожны, – гэта распаўсюд рэальнай інфармацыі пра арыштаваных па палітычных прычынах і сітуацыі, у якой яны апынуліся.

Падпісвайся на «Вясну» ў тэлеграме, фэйсбуку, інстаграме, твітары, укантакце, аднакласніках, ютубе, каб аператыўна даведвацца пра тое, што адбываецца ў нашай краіне з грамадзянска-палітычнымі правамі беларусаў і беларусак.

Крыніца: "Наша сіла — ў салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням