У Мінскім гарадскім судзе 11 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Осіпава. Яго абвінавачваюць адаразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замаху на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), загаддзя ілжывым даносе (ч. 1 арт. 400). Па версіі абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, наехаў на BMW на пецярых вайскоўцаў, пасля чаго утапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю аб угоне. Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Цыкалы, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Антон Цюменцаў. Ціхану пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. «Вясна» распавядае пра абставіны гэтай справы. Згодна з версіяй абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пецярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».
У чым абвінавачваюць Ціхана Осіпава?
«Пацярпелым удалося пазбегнуць цяжкіх наступстваў толькі дзякуючы фізічнай падрыхтоўцы і наяўнасці спецыяльнай экіпіроўкі».
Паводле версіі следства, мужчына схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанавала ў 102 і заявіў аб згоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.
Як агучыў пракурор Цюменцаў, пасля гадзіны ночы 11 жніўня абвінавачаны кіраваў BMW, у аўто знаходзіліся прадметы для ўдзелу ў масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах: два хакейныя шлемы, ахоўныя акуляры, бел-чырвона-белае палотнішча, ёд, бінт.
Віну Осіпаў прызнаў толькі па ч. 1 арт. 400 КК (загаддзя ілжывым даносе). Па другім артыкулах — цалкам не прызнаў.
А што пацярпелыя?
Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін.
Як стала вядома з матэрыялаў справы, цялесныя пашкоджанні былі нанесеныя толькі Васільчанку — яго адвезлі ў шпіталь МУС. Астапенка і Воліс пасля наезду вярнуліся ў строй.
Пацярпелыя паведамілі, што 7 жніўня 2020 года па загадзе начальства іх адправілі ў камандзіроўку ў Мінск, прыбылі яны ў распараджэнне в/ч 5448. Перад камандзіроўкай ім тлумачылі, што трэба будзе выконваць розныя задачы: ад аховы грамадскага парадку да затрымання правапарушальнікаў. Пры неабходнасці можна ўжываць фізічную сілу і спецсродкі.
Пацярпелыя вайскоўцы заявілі патрабаванні аб кампенсацыі шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс і Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенасаваныя да суда.
Як судзяць іншых за наезды на сілавікоў падчас пратэстаў?
Падобных выпадкаў падчас пратэстных акцый, пасля якіх была ўзбуджаная крымінальная справа, праваабаронцам “Вясны” вядома яшчэ мінімум чатыры. Па кваліфікацыі такіх дзеянняў няма адзінай практыкі. Дзве справы (Оіспава і Троцкага) кваліфікавалі як замах на забойства.
За наезд на супрацоўніка ДАІ — 10 гадоў калоніі
Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справы за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса) супраць 45-гадовага бізнэсмена Аляксандра Троцкага. Паводле абвінавачвання, ён правёз 12 жніўня на капоце сваёй машыне супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Па словах Троцкага, яго машыну беспрычынна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ "дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся прама ў галаву", пасля гэтага ён з'ехаў з месца.Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў Аляксандра вінаватым па арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса, вырашыў, што ў Троцкага сапраўды быў намер на забойства супрацоўніка ДАІ і пакараў яго 10 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта рэкордны тэрмін зняволення для затрыманага падчас пратэстаў. Таксама суд абавязаў Троцкага выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 10 тысяч рублёў маральнай і матэрыяльнай шкоды.
Працягнуў міліцыянта за машынай — 4 гады калоніі
Палітзняволенага дальнабойшчык са Жлобіна Аляксандра Французава асудзілі 18 снежня да 4 гадоў калоніі за тое, што ён наехаў 10 жніўня на намесніка начальніка Жлобінскага РАУС Дзмітрыя Дзядзюна. У тую ноч у Жлобіне міліцыянты спынялі аўтамабілі, затрымлівалі кіроўцаў. Аляксандр спалохаўся і даў задні ход. Міліцыянт ухапіўся за дзверы машыны і разбіў рацыяй шыбу. Паводле абвінавачвання, руку міліцыянта заблакавала ручка дзвярэй і ён вымушана разбіў шыбу, а кіроўца наўмысна паскорыў рух і працягнуў міліцыянта за машынай. Калі машына набрала хуткасць, то міліцыянт упаў. Дзеянні Французава кваліфікавалі па арт. 364 КК — гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Жлобінскі раённы суд прызнаў Аляксандра Французава вінаватым па арт. 364 КК і асудзіў да 4 гадоў пазбаўлення волі, а таксама абавязваў выплаціць пацярпеламу 1500 рублёў маральнай шкоды.
Здзейсніў наезд на інспектара ДАІ — 4 гады калоніі
Суд Заводскага раёна горада Мінска разглядзеў крымінальную справу супраць 37-гадовага інжынера-будаўніка Аляксея Сцерлікава. Згодна абвінавачванням, у ноч з 23 на 24 верасня, калі адбываліся пратэсты з нагоды інагурацыі Аляксандра Лукашэнкі, Сцерлікаў не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўніка ДАІ спыніць машыну і, пачаўшы рух заднім ходам, здзейсніў наезд на інспектара ДАІ Завадскага, што пацягнула пашкоджанне форменнага абмундзіравання супрацоўніка і нанесла яму сіняк на плячы і некалькі драпін. Дзеянні Сцерлікава кваліфікавалі па частцы 2 артыкула 363 КК — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаны з пагрозай прымянення гвалту.
Мінчаніна Аляксея Сцерлікава прызналі вінаватым па частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Кампанія, у якой ён працаваў (паколькі ёй належаў аўтамабіль, за рулём якога быў Сцерлікаў) павінна выплаціць пацярпеламу інспектару ДАІ Максіму Завадскаму маральную шкоду сумай у 10 000 беларускіх рублёў. Такі прысуд вынес суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Генадзь Янкоўскі.
Крыніца: Мінчука судзяць за наезд 11 жніўня на пецярых вайскоўцаў. Яму пагражае да 25 гадоў турмы