Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў сераду, сёмага красавіка, працягвае збіраць факты палітычнага пераследу: затрыманні, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
З Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту звольнены доктар гістарычных навук, этнограф Уладзімір Лобач.
Навуковец прапрацаваў 27 год на гісторыка-філалагічным факультэце, ад моманту яго стварэння ў Полацку. Уладзімір Лобач быў адным з падпісантаў заявы ў абарону бела-чырвона-белага сцягу.
Загад аб звальненні падпісаў Алег Раманаў, новы рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, прызначаны на пасаду менш месяца таму, піша тэлеграм-канал Белсату.
Позву з’явіцца ў слонімскую міліцыю 7 красавіка ў 15.00 галоўнаму рэдактару “Газеты Слонімскай” Міколу Канановічу ўручыў дома пад подпіс участковы інспектар Слонімскага РАУС маёр міліцыі А. А. Гусар напярэдадні ўдзень.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Мікола Канановіч, вусна ўчастковы Гусар сказаў яму, што размова будзе тычыцца камп’ютарнай тэхнікі рэдакцыі “ГС”, забранай міліцыяй раней на праверку, а таксама яго цяперашняй пасады ў “Газеце Слонімскай”. Участковы таксама папрасіў Канановіча захапіць з сабой працоўную кніжку альбо загад аб прызначэнні яго на пасаду галоўнага рэдактара.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Крыніца: Палітычны пераслед сёмага красавіка: звальненні з працы, выклікі ў міліцыю