Праваабаронцы “Вясны” сумесна з валанцёрамі працягваюць адсочваць палітычна матываваныя крымінальныя працэсы. Дынаміка па такіх справах сведчыць аб тым, што суды па-ранейшаму выносяць дэманстратыўна суровыя па відах і жорсткія па памеры пакарання прысуды. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады выкарыстоўваюць палітычныя рэпрэсіі ў якасці асноўнага інструмента для падаўлення любых спробаў праявы нязгоды з нелегітымнай уладай і застрашвання грамадства ў рэалізацыі сваіх канстытуцыйных правоў. Праваабаронцы "Вясны" падвялі прамежкавыя вынікі маніторынгу крымінальных спраў, па якіх у лютым былі вынесеныя прысуды. Якія тэндэнцыі адзначаюць аналітыкі і да якіх высноў прыйшлі - ў нашым матэрыяле.
У лютым па палітычных крымінальных справах асуджана не менш за 102 чалавекі (інфаграфіка)
Так, праваабаронцам вядома, што за сакавік было асуджана не менш за 105 чалавек, яшчэ тры прысуды не былі вынесеныя у сувязі з тым, што падсудныя не з’явіліся на працэсы, іх абвясцілі ў росшук.
Больш за ўсё “пастараліся” суды ў Мінску – 33 чалавекі асудзілі на розныя тэрміны пакарання, у Брэсцкай вобласці было асуджана не менш за 24 чалавекі, у Мінскай і Гродзенскай абасцях – па 13 чалавек, у Гомельскай вобласці суды вынеслі прысуды ў дачыненні да 11 чалавек, у Віцебскай вобласці пакараныя на розныя тэрміны зняволення 7 чалавек, а ў Магілёўскай – 4 чалавекі.
Цікава, што геаграфія прысудаў носіць спецыфічны характар. Так, у Гомельскай вобласці больш за ўсё прысудаў вынесена ў Жлобіне: менавіта Беларускі металургічны завод першым у сярэдзіне жніўня абвясціў пра страйк. У Гродзенскай вобласці разгляд крымінальных спраў адбываецца на працягу некалькіх месяцаў, нягледзячы на наяўнасць там аднаго альбо некалькіх фігурантаў. У Берасці ж разгляд крымінальных спраў адбываецца ў фармаце, калі на лаве падсудных знаходзіцца па дзесяць чалавек.
Вядома, што два непаўнагадовых хлопца пазбаўленыя волі на тры гады кожны і будуць адбываць пакаранне ў выхаваўчай калоніі.
За сакавік не менш чым 16 жанчынам суды прызначылі розныя пакаранні - ад штрафу да трох год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Агулам за сакавік 53 чалавекі былі пазбаўленыя волі – гэта 50% ад усіх вынесеных прысудаў, у дачыненні да 26 чалавек было прызначанае абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову – 25%, і ячшэ ў 19 чалавек будзе абмежавана воля, але без накіравання (“хатняя хімія”) – 18%. Вядома, што чатыры чалавекі былі арыштаваныя судом на тэрмін ад аднага да трох месяцаў, у трох выпадках – былі вынесеныя штрафы.
Самы вялікі тэрмін зняволення атрымаў Аляксандр Троцкі – 10 год пазбаўлення волі.
Найбольш папулярным артыкулаў для крымінальнага пераследу па палітычных матывах зноў аказаўся арт. 342 – “Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак”. Наступны па папулярнасці – спалучэнне арт. 342 з арт. 364 – “Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў” – 14 асуджаных.
Таксама 14 чалавек былі асуджаныя за “масавыя беспарадкі” (арт. 293 КК) на тэрміны ад 3 да 7 гадоў. Удзельнікаў стыхійных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на выбарах прэзідэнта прыцягваюць да дэманстратыўна вялікіх тэрмінаў пакарання за ўдзел у масавых беспарадках. Праваабарончая супольнасць неаднаразова ў заявах аб прызнанні палітвязняў адзначала, што масавых беспарадкаў падчас пратэстаў у жніўні і пазней не адбывалася. Пры гэтым праваахоўныя органы з выкарыстаннем светлашумавых гранат і гумовых куляў спынялі стыхійныя акцыі пратэсту, хоць удзельнікі акцый не здзяйснялі падпалаў, пагромаў і ўзброенага супраціву прадстаўнікам улады, якія могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі.
Яшчэ 7 абвінавачаных былі пакараныя за гвалт у дачынені да супрацоўніка міліцыі па арт. 364 КК.
Суды не праводзяць належнай ацэнкі ў справах аб супраціве і гвалце над супрацоўнікамі міліцыі, дзе памер шкоды, нанесенай супрацоўнікам АУС падчас стрымання мірных акцый, носіць сімвалічны характар і звязаны з кароткачасовым расстройствам здароўя, якія не пацягнулі страту працаздольнасці.
За абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) пад суд патрапілі 12 чалавек, а за абразу прэзідэнта – 8 чалавек.
Пры гэтым, крымінальныя справы аб абразе прэзідэнта ў пераважнай большасці выпадкаў разглядаюцца ў закрытым рэжыме. Некаторыя суды разглядаюць крымінальныя справы, звязаныя з пратэстамі супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў, таксама ў закрытым рэжыме.
Не менш за 10 чалавек былі асуджаныя за “хуліганства” па арт. 339 Крымільнага кодэкса.
Агулам улады абмяжоўваюць публічнасць судовых разглядаў: COVID-19 выкарыстоўваецца ў якасці прычыны нядопуску грамадзян у судовыя пасяджэнні.
ПЦ "Вясна" нагадвае, што маніторынг крымінальных палітычна матываваных спраў мае важнае значэнне для ацэнкі сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека падчас масавых рэпрэсій, а агалоска такога пераследу можа дапамагчы стрымаць магчымыя фальсіфікацыі і выяўляць працэсуальныя парушэнні падчас следства альбо суда.
Заклікаем паведамляць праваабаронцам “Вясны” пра час і месца судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах праз пошту - Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., па тэлефонах: +375 44 734 45 51, +375 29 835 94 49 ці праз тэлеграм: @ViasnaSOS, @SOSViasna
Крыніца: Па меншай меры 105 чалавек асуджана ў сакавіку па палітычных крымінальных справах (інфаграфіка)