Фота: Першы рэгіён. Суд Берасцейскага раёна 24 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе жыхара вёскі Вельямовічы Аляксандра Паліводы за здзек над дзяржаўнай сімволікай (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу РБ).

Паводле абвінавачання, у студзені 2021 года,  21-гадовы жыхар в. Вельямовічы сарваў дзяржаўны сцяг з будынка мясцовай школы і выкінуў яго непадалёк.

У рамках гэтай крымінальнай справы ў абвінавачанага арыштавалі тэлефон і ўзялі падпіску аб нявыездзе, паведамляе тэлеграм-канал "Вясна Брэст".

Суддзя Павел Главацкі прызнаў Паліводу вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").

Характэрна, што суддзя ў рамках гэтага працэсу таксама вынес прыватнае вызначэнне ў адрас і самой вясковай школы, якая паведаміла ў міліцыю пра здарэнне. Сутнасць яго абвешчаная не была, але вынесеная яна "ў сувязі з выяўленымі парушэннямі, а менавіта няправільным размяшчэннем Дзяржаўнага сцяга".

Крыніца: Чарговая "хімія" за здзек над дзяржаўным сцягам на Берасцейшчыне