Да году папраўчых работ і адлічэнне 15 адсоткаў з заробку за абліты фарбаю бюст Леніна ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёна засуджаны мясцовы жыхар Віталь Шылінец.
Па інфармацыіі Беларускага Радыё Рацыя, дзяржаўны абвінаваўца Якубец запатрабавала пакараць Шылінца па артыкуле 339 К Крымінальнага кодэкса за хуліганства двума гадамі папраўчых работ з адлічэннем 25% з заробку.
Суддзя Наталля Вакульчык прыняла рашэнне пакараць Шылінца годам папраўчых работ з адлічэннем 15% з заробку. Віны сваёй па крымінальным артыкуле абвінавачаны не прызнаў. Ён лічыць, што помнікі злачынцу Леніну не павінны стаяць на беларускіх плошчах.
Кажа Віталь Шылінец:
– Ленін разагнаў заканаўчы канстытуцыйны орган – Устаноўчы сход. Бальшавікі расстралялі мірную дэманстрацыю, якая была нязгодная з гэтым разгонам, што прывяло да грамадзянскай вайны і да мільёнаў-мільёнаў ахвяраў… Не было такога чалавека, хто б сказаў, што я зрабіў нешта не так. Многія выказвалі салідарнасць са мной.
Па словах намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы аграфірмы “Малеч” Віталя Дзюка, бюст не стаіць нідзе на балансе, яго паставілі дзесці ў 80-м годзе.
Паводле Віталя Шылінца, ён намераны абскардзіць прысуд Бярозаўскага суда.