У судзе Маскоўскага раёна Брэста 23 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 14 пінскіх палітвязняў. Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). На лаве падсудных – пінчукі ад 19 да 44 гадоў: муж і жонка, два сябра, актывіст Руху "За Свабоду", таксіст, у якога дагэтуль траўмы пасля збіцця сілавікамі. Пацярпелымі па справе выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі, большасці якіх прычыненыя шкоды, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Некаторым пацярпелым па матэрыялах справы – "спрабавалі ўжыць гвалт". Пракуратура выставіла пазоў на суму 24 тысячы рублёў – у столькі ацанілі шкоду ад дзеянняў пратэстоўцаў у Пінску. "Пінскую справу" разглядае сумнавядомы суддзя Яўген Брэган. На судовы працэс пусцілі толькі сваякоў абвінавачаных і дзяржаўную прэсу – незалежныя журналісты і назіральнікі не змаглі патрапіць у залю. Увечары 9 жніўня пінчукі пачалі збірацца каля сваіх выбарчых участкаў, каб даведацца пра вынікі выбараў па сваіх раёнах. Аднак там іх пачалі адпраўляць да Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта, тлумачачы гэта тым, што ўсе дадзеныя ўжо перададзеныя ў гарвыканкам. Калі ўвечары 9 жніўня каля гарвыканкама сабралася каля тысячы чалавек, да іх з мегафонам выйшаў начальнік Пінскага ГАУС Дзмітрый Каравякоўскі і чыноўнік. Было прапанавана вылучыць ад людзей пяць дэлегатаў, якія змогуць пагутарыць з кіраўніцтвам горада. Па словах пінчукоў, людзі проста хацелі даведацца вынікі выбараў. Калі пяць чалавек увайшлі ў будынак гарвыканкама, начальнік міліцыі сказаў усім чакаць. Каля будынка гарвыканкама яны прачакалі каля дзвюх гадзін, але сваіх пяці дэлегатаў у той вечар яны так і не дачакаліся. Як высвятлілася ў далейшым, улады проста цягнулі час. За гэтыя дзве гадзіны ў горад прыбыло падмацаванне сілавікоў. Людзей сталі акружаць. Апынуўшыся ў такой сітуацыі, людзі пачалі прарывацца з "кальца". Па словах мясцовых, далей пачаліся сутыкненні з АМАПам: сілавікоў пачалі адціскаць. Пачаліся масавыя жорсткія затрыманні. Затрыманых збівалі на працягу некалькіх дзён.
«Людзі проста хацелі даведацца вынікі выбараў». Што адбылося ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня?
«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»
Хто на лаве падсудных?
- 36-гадовы маналітчык Багнавец Раман
- 20-гадовы фанат ФК "Хваля" Богнат Данііл
- 31-гадовы Рыгор Гунько
- 28-гадовы работнік "Пінскдрэва" Ляжэнка Сяргей
- 43-гадовы дальнабойшчык Міхайлаў Станіслаў
- 44-гадовая санітарка Маўшук Алена
- 42-гадовы Маўшук Сяргей
- 20–гадовы Дэвід Масціцкі
- 35-гадовы таксіст Рагашчук Вячаслаў
- 19-гадовы фанат ФК "Хваля" Рубец Алег
- 37–гадовы актывіст руху «За Свабоду» Ігар Салавей
- 35-гадовы Аляксандр Цярэшка
- Халімончык Артур
- 20-гадовы Шэлямет Вячаслаў
Усе, акрамя Сяргея Маўшука, знаходзяцца ў брэсцкім СІЗА-7. Сяргею абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, а яго жонка ўжо больш васьмі месяцаў утрымліваецца пад вартай.
У чым іх абвінавачваюць?
Паводле версіі абвінавачвання, 14 абвінавачаных, "прыняўшы 9 жніўня 2020 года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынка Пінскага райвыканкама, груба парушылі грамадскі парадак".
"У яго развіццё ўчынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі – дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагментамі тратуарнай пліткі і бетонных парапетных пліт, бутэлькамі, камянямі, металічнымі вырабамі і арматурай. Пасля чаго наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якія належалі АУС, фізічным і юрыдычным асобам".
Што з пацярпелымі і шкодай?
Па матэрыялах справы, у выніку супрацьпраўных дзеянняў 7 супрацоўнікам міліцыі прычыненыя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, 6 – лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія пацягнулі за сабой кароткачасовае расстройства здароўя, 42 – лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя, 54 – пабоі. Сярод пацярпелых: Артур Канько, Міхаіл Наскоў, Мікалай Ханцэвіч, Аляксандр Тарасевіч, Алег Мацкевіч, Аляксей Аніскавец, Аляксандр Квяткоўскі, Віктар Гапееў, Аляксандр Юхнюк, Дзяніс Процька, Сяргей Семянюк, Дзмітрый Краўцоў, Мікалай Ліхтар, Юрый Дорох, Дзяніс Ляшко, Аляксандр Барычэўскі, Васіль Германовіч, Андрэй Шышло, Аляксандр Спасюк, Валерый Будзько, Віталь Нарывончык, Аляксандр Архіпенка, Арцём Сярэдзіч, Алег Ганчар і многія іншыя. Амаль ва ўсіх пацярпелых траўмы: сінякі і ранкі, не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці.
"Ім спрабавалі ўжыць гвалт"
З усіх пацярпелым тром прычыненыя пашкоджанні, якія пацягнулі доўгі разлад здароўя на тэрмін да 4 месяцаў: Вячаславу Шэлесту (закрыты пералом ступні), Аляксандру Барычэўскаму (надрыў звязкі калена), Сяргею Сімончыку (пералом пэндзля рукі). У матэрыялах справы пералічваецца каля 35 супрацоўнікаў АУС, якія выступаюць у якасці пацярпелых, з фармулёўкай «ім спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні ў выглядзе збіцця». 54 супрацоўнікам АУС прычыненыя пабоі без удакладнення пашкоджанняў.
Шкода ад дзеянняў пратэстоўцаў пракуратура ацаніла ў 24 тысячы рублёў. Да абвінавачаных заяўлены пазоў аб спагнанні шкоды ў салідарным парадку. У матэрыялах справы пералічаныя прадметы, якім нанесены ўрон дзеяннямі пратэстоўцаў: 11 металічных супрацьударных шчытоў (адзін – 145 руб. 33 кап.), 18 шлемаў «Джэта» з забралам (адзін – 140 руб.), 4 кулеахоўных шлема без забрала (адзін – 540 рублёў), 5 бронекамізэлек (адзін – 595 руб. 50 кап.), гумовых 10 палак (адна – 2 руб. 66 кап.), 17 газавых балончыкаў «Стандарт пякучы перац» (адзін – 6 руб. 78 кап.), 13 скрыняў (адна – 34 руб. 20 кап.), 30 раслін «Петунія» (адна – 72 кап.), 7 лавак, тэлефон супрацоўніка Samsung Galaxy S7, шыльда «Пінскі раённы выканаўчы камітэт» (на двух дзярж. мовах) (140 рублёў) і іншыя.
Суд працягваецца. Інфармацыя дапаўняецца.