Ігар Банцэр у судзе. Фота: hrodna.life Суд Ленінскага раёна Гародні 19 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе музыканта і шоўмена Ігара Банцара. Яго вінавацяць паводле часткі першай артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства).

Беларускай праваабарончай супольнасцю Ігар Банцар прызнаны палітычным зняволеным. 

Працэс вядзе суддзя Наталля Козел. Пракурор - Віктар Нічыпарук.

Лідара гурта Mister X Ігара Банцара судзілі за вулічны перформанс, які ён здзейсніў у ноч з 4 на 5 верасня, танцуючы ў ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуўшы шорты і застаўшыся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэксу.

Пад вартай Ігар Банцар знаходзіцца з 20 кастрычніка. На самым пачатку судовага працэсу 3 сакавіка ён абвесціў сухую галадоўку.

На папярэднім пасяджэнні 18 сакавіка пракурор прапанаваў пакараць Банцара паўтара гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову (так званая "хімія").

Справа Ігара Банцэра: пракурор патрабуе паўтары гады "хіміі"

У час паседжання Ігар Банцэр сказаў, што за час галадавання яго ажно 5 разоў (!) пераводзілі з камеры ў камеру. Ігар Банцэр выглядае моцна схуднелым, але ён па-ранейшаму трымаецца на нагах і ў час судовага паседжання нават не прысядае.

Суддзя Наталля Козел выносіць прысуд: паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")

Таксама суд пастанавіў залічыць у адбыты тэрмін пяць месяцаў знаходжання пад арыштам, якія лічацца як дзень за два.

Крыніца: За перформанс лідара гурта Mister X Ігара Банцара асудзілі на паўтары гады "хіміі"