Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох жыхароў сталіцы – Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Уладзіміра Кацкеля працягваецца сёння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска.
Іх абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, але ўсіх чатырох у гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Апроч гэтага ставяць у віну арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), а аднаго з іх і ў наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці (арт. 218).
Справу разглядае суддзя Юля Блізнюк. Дзяржабвінаваўца – пракурор Вікторыя Таратыка.
У справе - сем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу.
Падзеі адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года.
Пад час разгону "Маршу гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” яны, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.
Працягваецца суд над чатырмя мінчукамі, якія далі адпор амапаўцам пры разгоне мітынгу
У судовым пасяджэнні 18 сакавіка працягвалася вывучэнне відэазапісаў здарэння.
Далей характарызуюць абвінавачваемых. Аляксей Драба быў раней судзімы, апошні раз у 2019 годе, Уладзімір Кацкель таксама неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па частцы ДАІ, і таксама быў судзімы. У яго дрэнная характарыстыка з месца працы. У Яўгена Бароўскага добрая характарыстыка ад аднаго працадаўцы, ад другога нічога істотнага.
Суд пераходзіць да допыту абвінавачаных
Яўген Бароўскі на вуліцы Мельнікайтэ ў раёне 15 гадзін стаяў у счэпцы літаральна хвіліны дзве, пасля патэлефанаваў Павел Плакса, спытаў дзе ён знаходзіцца. Яўген патлумачыў, што знаходзіцца ў першым шэрагу калоны, калі Плакса падышоў, то абодва пакінулі месца і накіраваліся да кінатэатра “Беларусь”. Асноўная калона сышла ў бок Пушкінскай.
Бароўскі вырашыў прагуляцца ў бок метро, якое было зачынена.
На мосце ў бок Заслаўскай былі мікрааўтобусы і аўтазакі. Каля калоны яны спыніліся, адтуль выйшлі супрацоўнікі АУС, калона пачала разбягацца.
Бароўскі працягнуў ісці да метро Пушкінская. Пачуў крыкі каля метро, убачыў мікрааўтобусы, якія пад'язджаюць. Бачыў як супрацоўнікі ўжывалі да затрыманага спецсродкі, з'явілася жаданне выручыць мужчыну.
Не прызнае віну. Лозунгі не выкрыкваў, не пляскаў. Не прызнае, што блакаваў рух транспарту, растлумачыў, што яшчэ да счэпкі стаялі машыны ДАІ на Мельнікайтэ і ля Стэлы і дарога ўжо была перакрытая.
Не згодны з тым, што сваімі дзеяннямі груба парушыў грамадскі парадак. Супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі не ўжываў.
У абвінавачванні пазначана – “з помсты здзяйсняў супрацьпраўныя дзеянні” – таксама адмаўляе.
Пры затрыманні каля 5 чалавек у балаклавах наляцелі, некалькі разоў ударылі, сказалі, што ён затрыманы - толькі калі надзелі кайданкі.
У бусе казалі пра 36 артыкул, дапытвалі і давалі 5 секунд на адказ, калі не адказваеш – білі.
“Ці хацелі прымяніць гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі? – Не". Адразу ўдар.
Сказалі, калі яшчэ раз "зманіць" то жывым з мікрааўтобуса не выйдзе.
Допыт Івана Зянько
Сказаў "На сто адсоткаў не вінаваты, адмаўляюся даваць паказанні".
Распавёў, што збівалі, пагражалі згвалтаваннем, здымалі штаны. У справе ёсць судмедэкспертыза, ёсць сведкі збіцця.
Кажа, што заяў не пісаў, паколькі непакоіўся аб сваім здароўі. Не прызнае ніякія матэрыяльныя патрабаванні да сябе.
Будзе дапоўнена.