Праваабаронцы "Вясны" ў чацвер, 18 сакавіка, працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, ператрусы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы) атрымаў позву прыйсці на допыт у Следчы камітэт сёння, 18 сакавіка. Таксама яму ўручана патрабаванне прад'явіць дэкларацыю аб прыбытках за перыяд з 01.01.2020 па 28.02.2021 года, паведамляе БАЖ.
16 лютага 2021 года ператрус быў у бацькоў Аляксандра Буракова, а 18 лютага — у яго дома. Буракоў кажа, што вобшук у яго невялікай кватэры праходзіў паўтары-дзве гадзіны, супрацоўнікі ГУБАЗіК перавярнулі літаральна ўсю кватэру.
Намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага 24 сакавіка выклікаюць на допыт у Следчы камітэт. А на гэтым і мінулым тыдні ў СК дапытвалі старшыню БАЖ Андрэя Бастунца. 16 лютага ў офісе БАЖ, а таксама ў кватэрах Барыса Гарэцкага, Алега Агеева і іншых журналістаў і праваабаронцаў прайшлі ператрусы.
У Маскве затрымалі пратэстоўца з Беларусі на патрабаванне Генпракуратуры нашай краіны, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на інфармацыю «Новой газеты».
Затрыманы Мікалай Давідчык з Ліды. На радзіме яму пагражае крымінальная адказнасць за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Для Давідчыка, відаць, будуць патрабаваць экстрадыцыю. За яго лёсам сочыць беларуская дыяспара ў расійскай сталіцы. Яму ўжо знайшлі адваката, але абаронцу да затрыманага ў сераду не пусцілі.
Таксама расейская паліцыя затрымала ў Пецярбурзе ўдзельніка пратэстаў у Маладзечне. Яму пагражае дэпартацыя і турма ў Беларусі.
Сутычка пратэстоўцаў з АМАПам адбылася ў Маладзечне яшчэ да выбараў – 19 чэрвеня. У той дзень быў затрыманы Віктар Бабарыка, пасля чаго па краіне пракацілася хваля стыхійных акцыяў. Затрыманы ў Расеі 41-гадовы беларус у сутычцы з сілавікамі спрабаваў адбіць іншага мужчыну. У жніўні на яго завялі крымінальную справу, паведамляе fontankaspb.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Крыніца: Допыты журналістаў і затрыманні: палітычны пераслед у Беларусі за 18 сакавіка