Праваабаронцы "Вясны" ў панядзелак 15 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, ператрусы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Працягваюцца вобшукі па справе журналіста Дзяніса Івашына. Сёння з ператрусам, як паведаміла жонка Дзяніса Вольга Івашына, супрацоўнікі КДБ прыйшлі дадому да 95-гадовай хворай бабулi Дзянiса. У гэты час там ідзе вобшук.
“Новы Час” паведамляе, што журналіста-расследавальніка, аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына затрымалі ўвечары 12 сакавіка. Ператрус у яго кватэры ішоў больш за тры гадзіны, яго ладзілі пяцёра супрацоўнікаў КДБ. Пасля гэтага яны паехалі ладзіць ператрус у яго бацькоў, якія жывуць у прыгарадзе Гродна.
Пазней Вольга Івашына, паведаміла, што сілавікі забралі ўсе носьбіты інфармацыі (тэлефоны, ноўтбукі, кампутары), сім-карты, банкаўскія картки, кнігі, нататнікі, запісы, грошы ды розную драбязу, кшталту сцяжкоў, значкаў, візітак ды інш. Вельмі цікавіла ўсе, звязанае з Украінай, хоць артыкул крымінальны ў пастанове на ператрус нібы за распаўсюд асабістай інфармацыі.
Супраць фатографа і актывіста Сяргея Гапона распачаты адміністратыўны працэс па артыкуле 24.23 ч.2, паведамляе тэлеграм-канал Еўрарадыё.
— Арганізацыя несанкцыянаванага частавання блінамі, — жартуе Сяргей. — Запісалі, як хораша мы танчылі і спявалі вакол вогнішча. Бліжэйшым часам застаецца чакаць ці паведамлення, што працэс спынены, ці пратакола аб правапарушэнні і позву ў суд.
Адваката Сяргея Зікрацкага выклікаюць на пазачарговую атэстацыю на пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Пра гэта адвакат напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Пасяджэнне прызначанае на 24 сакавіка. Прычынай пераатэстацыі сталі выказванні Зікрацкага ў СМІ, піша Еўрарадыё.
"Думаеце, падставай для выкліку на пазачарговую атэстацыю сталі скаргі маіх кліентаў? Не. Мінюст палічыў, што мае каментары ў СМІ недастаткова кваліфікаваныя, а значыць, трэба праверыць, ці магу я далей працаваць адвакатам", — распавёў юрыст.
Апошнім часам Зікрацкі абараняе інтарэсы затрыманых супрацоўнікаў Прэс-клуба і ўдзельнічае ў іншых палітычных працэсах.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Крыніца: Ператрус у сваякоў журналіста Івашына: палітычны пераслед у Беларусі 15 сакавіка