2 траўня ў Гомелі і Брэсце судзяць актывістаў і журналістаў, затрыманых напярэдадні і падчас акцыяў пратэсту, якія адбыліся 1 траўня.
Гомель
У судзе Навабеліцкага раёна быў разгледжаны адміністрацыйны пратакол за “дробнае хуліганства” (артыкул 17.1 КаАП) у дачыненні да журналіста-фрылансера, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Яўгена Меркіса. Судздзя Сяргей Новікаў аштрафаваў абвінавачанага ў «лаянцы» Меркіса на 5 базавых велічыняў.
Калегі журналіста мяркуюць, што ён быў прэвентыўна затрыманы міліцыяй з мэтай не даць весці жывую трансляцыю з мітынгу, які ладзілі ў горадзе дэмакратычныя актывісты.
У судзе Савецкага раёна разглядалася справа намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, затрыманага 1 траўня пасля мітынгу каля ДК «Віпра» за тое, што разгарнуў бела-чырвона-белы сцяг. На падставе двух адміністрацыйных пратаколаў – за парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП) і непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП) – суддзя Алена Шайн пакарала Палякова арыштам сумарна на 15 сутак, паведамляе Свабода.
Брэст
У судзе Ленінскага раёна разглядаюць справы затрыманых удзельнікаў учорашняй акцыі “белых аркушоў”.
Чацвярых затрыманых – грамадскіх актывістаў Інгу Абрамаву, Аляксандра Кабанава, Уладзіміра Казлоўскага, Аляксея Самайлюка і блогера Зміцера Гарбунова - даставілі ў суд у другой палове дня. Пры гэтым Абрамава пачувалася кепска праз праблемы з ціскам, аднак ніякай медыцынскай дапамогі ёй аказана не было.
Падчас разгляду адміністратыўных справаў Гарбуноў і Кабанаў хадайнічалі аб прадастаўленні адвакатаў, таму іх працэсы перанесеныя і абодва адпушчаныя да суда. Ім выдалі позвы на 3 траўня: суд над Кабанавым, якога вінавацяць па артыкуле 23.4 і ч.3 арт. 23.34 КаАП, прызначаны на 11-ю гадзіну, над Гарбуновым, якога вінавацяць па артыкуле 23.4 КаАП, - на 14:30.
Крыніца: У рэгіёнах судзяць затрыманых у звязку з акцыямі 1 траўня