Актывіст з Мазыра Уладзімір Неўмяржыцкі замест адказу на свой зварот да начальніка раённай міліцыі, атрымаў позву у суд. Раней на яго быў складзены пратакол адміністратыўнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 21 кастрычніка ў Мінску. Прычым, пратакол складаўся без ягонай прысутнасці, не меў подпісу і копію гэтага дакумента яму выдаць адмовіліся. У звароце Неўмяржыцкі прасіў, каб яму выдалі копію пратакола і дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі справы.
Разгляд адміністратыўнай справы прызначаны на 23 лістапада ў судзе Мазырскага раёна, але дагэтуль Неўмяржыцкі не меў магчымасці азнаёміцца з пратаколам. Абураны бяздзейнасцю міліцэйскага начальства Уладзімір Неўмяржыцкі з дапамогаю мясцовых праваабаронцаў падаў аналагічную скаргу на імя раённага пракурора.
Раней участковы інспектар спрабаваў запалохаць актывіста, маўляў, калі пачнеш у судзе разважаць пра свае правы – пасадзяць на суткі, а калі будзеш маўчаць – абыйдзешся штрафам альбо папярэджаннем.
Крыніца: Актывіст з Мазыра патрабуе прадставіць яму копію пратакола аб адміністратыўным правапарушэння