Ігар Комлік. Бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік, які ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах “справы прафсаюзаў” і быў прызнаны праваабаронцамі палітвязнем, распавёў сайту palitviazni.info, што ўжо больш за месяц следчыя не хочуць адаваць яму пашпарт.

“Сітуацыя дзіўная і ў пэўным сэнсе абсурдная”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Праваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным. 2 кастрычніка ён быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

“Расследванне справы працягваецца, прыкладна раз на тыдзень выклікаюць на допыт, – распавядае Ігар Комлік. – Але асабіста ў мяне зараз крыху іншая праблема – мне да гэтага часу не вярнулі пашпарт, які знаходзіцца ў следчых. Калі мяне затрымлівалі, забралі і пашпарт, але, як бачым, вяртаць не спяшаюцца. Хаця раней казалі, што, маўляў, аддадзім дакумент у любы момант, калі той спатрэбіцца”.

Са слоў суразмоўцы, адсутнасць дакумента дадае шмат праблем.

“Не магу атрымаць банкаўскую картку, каб пералічыць заробак, не прайсці абследванне ў бальніцы, якая знаходзіцца не па месцы жыхарства, – кажа Комлік. – Прашу следчага: “Аддайце пашпарт!” У адказ — цішыня. Я ўжо нават з гэтай нагоды адмысловы ліст напісаў, можа быць, гэта дапаможа. Праўда, не афармляў яго ў канцылярыі, а аддаў непасрэдна ў рукі следчага. Адным словам, сітуацыя дзіўная і ў пэўным сэнсе абсурдная. Нічога не кажуць, калі аддадуць дакумент, і той жа момант праблема не вырашаецца”.

Крыніца: Ігар Комлік – чалавек без пашпарта